Гаспадыню крамы «Адметнасць» Вольгу Верамеенка судзілі ў будынку РАУС 18 чэрвеня за «пікетаванне». Рэчавымі доказамі палічылі футболкі з выявай “Пагоні”, званочак, банер. Раней Вольга правяла трое сутак у ізалятары, пакуль яе не адпусцілі да суда. Пасля гэтага ў яе здарыўся гіпертанічны крыз – Вольгу накіравалі ў бальніцу.
UPD. Гродзенскі абласны суд 22 ліпеня пакінуў без зменаў штраф Вольгі Верамеенкі, а яе скаргу – без задавальнення. Сам суд ішоў 10 хвілін, з якіх 5 хвілін суддзя Анатоль Заяц правёў у дарадчым пакоі, распавяла Вольга Hrodna.life.
Тры футболкі з выявай Кастуся Каліноўскага Вользе вярнулі. Рэчы, прызнаныя доказамі, па рашэнні суда знішчаць. Агулам міліцыянты забралі тавар на суму 3 000 рублёў.
Судзіла Вольгу суддзя з суда Ленінскага раёна Алена Пятрова. Яна ўвайшла ў будынак праз чорны ўваход. Сведкам па справе праходзіў супрацоўнік РАУС Вадзім Налівайка. У справе ўдзельнічаў супрацоўнік РАУС Андрэй Пігульскі. У выніку Вольгу асудзілі на 70 базавых велічынь (2 030 рублёў) па арт.24.23 КаАП. Вольга будзе абскарджваць рашэнне суда.
На паседжанне не пусцілі наведвальнікаў
Выязное судовае пасяджэнне прайшло ў будынку Ленінскага РАУС на вул. Дубко, 5. Менавіта туды выклікалі па смс Вольгу. З ёй у РАУС прыйшлі каля 20 чалавек. Іх прапусцілі, але пазней на пасяджэнне выклікалі толькі Вольгу Верамеенку і яе адваката. Супрацоўніца міліцыі ігнаравала пытанні ад наведвальнікаў, якія жадалі трапіць на працэс. “Мне сказалі паклікаць толькі Верамеенка”.
– Гэта значыць, гэта закрытае судовае пасяджэнне?
– Вы можаце растлумачыць, чаму мы не можам патрапіць на працэс? Вы адкажаце на пытанне?
Пазней іншы супрацоўнік сказаў, што гэта пытанне вырашае кіраўніцтва. Праз некалькі хвілін ён выйшаў і перадаў, што раз пасяджэнне пачалося, на яго ўжо не патрапіць. “Так атрымалася”, – сказаў міліцыянт.

“З прычыны таго, што ў нас рэжымны аб’ект, эпідэміялагічная абстаноўка, просьба вялікай колькасцю не знаходзіцца. Альбо растусуйцеся, альбо на вуліцу”, – таксама папрасіў ён.
Хто менавіта з кіраўніцтва гэта перадаў, міліцыянт не сказаў: “Хто на провадзе быў, мне не прадставіліся. Па голасе я не вызначаю”.
Чаму Вольгу судзілі ў РАУС, а не ў судзе, ёй з адвакатам не патлумачылі.
Вольгу Верамеенку затрымалі 3 чэрвеня і пакінулі на трое сутак у ізалятары. У краме “Адметнасць”, дзе прадаецца ў тым ліку нацыянальная сімволіка, правялі агляд. Пры гэтым супрацоўнікі АМАП зайшлі ў рэдакцыю Hrodna.life, якая суседнічае з “Адметнасцю”, і не дазвалялі супрацоўнікам выходзіць і карыстацца сродкамі сувязі.
Чытайце таксама:



