Актывіст і музыка Ігар Банцэр да 17 чэрвеня 2021 года павінен прыехаць у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу № 9 у горадзе Віцебску.
Суддзя Наталля Козел 19 сакавіка прызнала Ігара Банцэра вінаватым у хуліганстве і прысудзіла яму 1,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Яго вызвалілі з-пад варты ў залі суда пад падпіску аб нявыездзе. Ігара судзілі за танец, які ён выканаў у верасні перад міліцыянтам. Паводле версіі пракурора, ён прадэманстраваў пры гэтым свае геніталіі. Сам Ігар настойваў: ён быў у стрынгах, так што міліцыянт не мог бачыць яго голым.
Пяць месяцаў Ігар знаходзіўся ў турме № 1 у Гродне. Адзін дзень знаходжання пад вартай роўны двум днях абмежавання волі. Гэта значыць, Ігару засталося адбыць восем месяцаў пакарання.
Ад 3 сакавіка, калі пачаўся разгляд справы ў судзе, Ігар трымаў сухую галадоўку. 15 сакавіка праваабаронцы прызналі Банцэра палітвязнем.