Краму “Ратушный” закрыюць у канцы чэрвеня. Кафетэрый ужо не працуе з 1 чэрвеня. Прычына закрыцця – стратнасць аб’екта.
“Ратушный” – гэта філіял Гандлёвага дома “Баторыя”, які належыць дзяржаўнаму прадпрыемству “ГроднаГандальСервіс”. Памяшканні пад крамы і кафетэрый арандаваліся ў УЖРЭП Ленінскага раёна. Зараз уласнік будзе шукаць новага арандатара.
Гандаль гаспадарчымі таварамі пераедзе ў невялікае памяшканне побач з крамай “Баторыя”, дзе раней была крама “Связной”, піша “Вечерний Гродно”.
Раней таксама з-за стратнасці закрылася найстарэйшая гродзенская цырульня, якая знаходзілася ў тым самым будынку.
Што было раней у гэтым будынку?
Крама “Ратушный” знаходзіцца па адрасе вул. Савецкая,1. Пры каралі Стэфане Баторыі на гэтым месцы знаходзілася карчма. У XVIII стагоддзі – палац Сангушак, які пазней перайшоў да Антонія Тызенгаўза. У сутарэннях будынка знаходзіліся гродзенскія вінныя паграбы, а зараз – прыватная пякарня.
На пачатку ХХ стагоддзя ў будынку былі жылыя кватэры, крамы абутку, бакалеі і каланіальных тавараў, аптэка Клінкаўштэйна, банкаўская кантора, а таксама фотамайстэрня Лейбы Гельгора.
У міжваенны перыяд тут знаходзілася прадстаўніцтва фірмы “Зінгер”, крама адзення “Мадэрн”, крама ровараў і матацыклаў, радыё-фотапаратуры і электратавараў, а таксама турбюро “Орбіс”.
У савецкія часы тут адкрылі дыетычную сталовую, а пасля краму “Игрушки”.


