Памяшканне ў будынку па вул. Горкага, 3−2 прададуць з аўкцыёну 28 чэрвеня. Дом пабудавалі ў 1915 годзе — пакупнік павінен захаваць гістарычную забудову. Больш падрабязную інфармацыю аб аўкцыёне можна прачытаць на сайце гарвыканкама.
Прадаецца памяшканне былога магазіна плошчай 18,5 кв. м. Яно размешчана ў аднапавярховым нежылым будынку. Пачатковая цана — 21 400 рублёў.
На працягу года пакупнік павінен будзе распрацаваць і зацвердзіць дакументацыю на рэканструкцыю або капітальны рамонт. Работы трэба завяршыць за тры гады. Пакупніку забаронена знішчаць, прычыняць шкоду і пагаршаць тэхнічны стан будынка. Таксама забароненыя навукова неабгрунтаваныя змены фасада, так як будынак — прыклад шэраговай гістарычнай забудовы і знаходзіцца ў ахоўнай зоне гістарычнага цэнтра.
На тым жа аўкцыёне прададуць нежылыя памяшканні ў будынках па вул. Падольнай, 2, вул. Маркса, 7 і 9. Кошт — ад 49 800 рублёў за 54,8 кв. м. на Падольнай да 148 000 за 118,5 кв. м. на мансардным паверсе на Маркса.
Што за дом на Горкага?
Цагляны будынак з крамай мяса на Горкага з’яўляецца тыповым прыкладам забудовы раёна Новы свет. Суседні дом — прыклад драўлянага канструктывізму — хацелі прадаць пад знос, але потым выставілі на продаж цалкам. У 2019 годзе прапаноўвалі купіць пад знос і суседнія дамы на Міцкевіча, але пасля серыі публікацый Hrodna.life і актыўнай працы гісторыка Мечыслава Супрона гарадскія ўлады ад гэтай ідэі адмовіліся.
Што за Новы свет?
Новы свет — гэта гістарычны раён горада Гродна, размешчаны ў паўночнай частцы гістарычнага цэнтра, у межах вуліц Міцкевіча, Астроўскага, Ватуціна, Рэйманта і часткі вуліц 17 верасня і Горкага. Гісторыкі кажуць, што тут захаваўся пейзаж пачатку мінулага стагоддзя і прапануюць арганізаваць музей пад адкрытым небам. Тым не менш, гістарычныя будынкі перыядычна зносяць, а тыя, што засталіся, часта перабудоўваюць ўладальнікі, мяняюць у іх дзверы і вокны, з-за чаго дамы страчваюць аўтэнтычны выгляд.