Больш падрабязна аб тым, як вывозілі з Беларусі траіх з пяці затрыманых па «польскай справе», расказала Ірэна Бярнацкая, прадстаўніца грамадскай польскай школы ў Лідзе, кіраўніца Лідскага аддзялення Саюза палякаў.
2 чэрвеня стала вядома, што трох з пяці грамадзян Беларусі, затрыманых у рамках «польскай справы», вывезлі ў Польшчу. Гэта Ірэна Бярнацкая, Марына Цішкоўская і Ганна Панішава. Іх затрымалі 25 сакавіка 2021 года.
Атрымала ліст ад польскага прэзідэнта
Ірэна была ў амаль поўнай інфармацыйнай ізаляцыі, расказала яна выданню Znadniemna.pl. Ад дачкі і адваката ведала, што Польшча змагаецца за затрыманых. На допытах карысталася правам не сведчыць супраць сябе і блізкіх (ст. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь). У нефармальных гутарках яе распытвалі пра Інэсу і Андрэя Пісальнікаў. 6 траўня Ірэне перадалі ліст і цукеркі ад прэзідэнта Польшчы.
Далі падпісаць тлумачэнні аб змене меры стрымання
У сярэдзіне траўня яна даведалася, што тэрмін затрымання працягнулі на тры месяцы, да 25 жніўня. 25 траўня Ірэне паведамілі, што меру стрымання змянілі з утрымання пад вартай на знаходжанне дома. Ёй таксама патлумачылі, што на наступны дзень яна мусіць з’явіцца ў міліцыю і паведаміць, што яна на месцы і не хаваецца ад следства. Далі падпісаць дакумент, што правялі тлумачэнне. Такія ж паперы засталіся ў Марыны Цішкоўскай і Ганны Панішавай.
Везлі ў бусе без нумароў
Праз некаторы час Ірэну зноў вывелі з камеры, на гэты раз на вуліцу, дзе стаялі тры бусы без нумароў. Яе пасадзілі ў адзін з іх. Чаму машыны без рэгістрацыі, ёй не патлумачылі. Ірэна думала, што ніхто не будзе ведаць, што з ёй здарылася. «Казала ім нават, каб, калі трэба, расстралялі мяне дзе-небудзь у бліжэйшым лесе. Я толькі памалюся і ўсё», — цытуе Ірэну Бярнацкую польскае выданне. Ірэну супакоілі, павезлі на гродзенскую трасу. Але калі праехалі яе горад, Ліду, яна зразумела, што яе вязуць на мяжу.
Засталася без пашпарта
Ірэну Бярнацкую, Марыну Цішкоўскую і Ганну Панішаву прывезлі ў розных бусах і высадзілі на памежным пераходзе. Там Ірэне дазволілі скарыстацца туалетам і адвезлі пад шлагбаўм, дзе яе чакала машына на польскіх нумарах. Так яна апынулася ў Польшчы. Пашпарт застаўся ў дачкі ў Лідзе.
Калі Ірэна паспрабуе вярнуцца ў Беларусь, яе арыштуюць за парушэнне абавязацельствы пры змене меры стрымання і утойванне ад следства, упэўненая яна. Кіраўніца непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Анжаліка Борыс і журналіст Анджэй Пачобут застаюцца пад вартай. Іх прызналі палітвязнямі. Анджэй Пачобут катэгарычна адмовіўся ад прапановы пакінуць Беларусь, паведамляла дырэктарка тэлеканала «Б****т» Агнэшка Рамашэўская ў сваім Twitter.
У сакавіку пракуратура распачала крымінальную справу за ўшанаванне антысавецкіх дзеячаў. МЗС Беларусі выслала з краіны консула ў Брэсце Ежы Цімафеюка, а пасля і генеральнага консула Гродна Яраслава Ксёнжака. Прадстаўнікі непрызнанага ў Беларусі Саюза палякаў праходзяць па крымінальнай справе па ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні). Пакаранне па артыкуле — ад 5 да 12 гадоў зняволення.
Чытайце таксама: Польские консульства смогут выдавать белорусам больше виз: решения будут принимать в Варшаве