Траншэю пад газаправод капалі будаўнікі на вуліцы Будзённага 19 траўня. Нечакана адна з сцен траншэі адкрыла стары пограб арачнай канструкцыі. На ўбудаваных у сцяну паліцах стаялі слоікі з хатнімі нарыхтоўкамі. Фатаграфія склепа з банкамі з мінулага стагоддзя выклікала актыўнае абмеркаванне ў сеціве. Карэспандэнтка Hrodna.life высветліла, адкуль маглі ўзяцца знаходкі і якія яшчэ таямніцы хаваюцца пад вуліцай Будзённага.
На месцы земляных работ будаўнікі распавялі, што 19 траўня каля 12 гадзіны тут капалі траншэю пад газаправод да аднаго з размешчаных побач прыватных дамоў. Знойдзеным пограбам і слоікамі ніхто не зацікавіўся — не запытваліся і глядзець не прыязджалі. Па іх словах, у траншэю паклалі трубу і закапалі ўсё, як было.
У сацсетках пракаментавалі, што калі б там былі бутэлькі з віном, «кошту б ім не было». Таксама гродзенцы ўспаміналі, што яшчэ ў 80−90-х на гэтым месцы стаялі аднапавярховыя жылыя дамы, якія потым знеслі пры пашырэнні вуліцы. Непадалёк размяшчалася «сцяна Цоя» з графіці ў памяць пра загінулага спевака.
Гісторыю вуліцы і магчымага паходжання банак у склепе пракаментаваў для Hrodna.life краязнаўца Яўген Аснарэўскі:
Склеп на фота, відавочна, належаў не вельмі вялікаму жылому дому, верагодна пабудаванаму ў першай палове XX стагоддзя.
Падобныя падвалы ўжо знаходзілі на гэтай вуліцы падчас земляных прац. Можна ўпэўнена сцвярджаць, што такіх старадаўніх сутарэнняў яшчэ вельмі шмат тоіцца пад гарадзенскай зямлёй.
Што тычыцца слоікаў, то падобна, яны прызначаны для звычайных кансерваваных нарыхтовак на зіму. Гэта, вядома ж, не старажытныя артэфакты, а маёмасць апошніх жыхароў, якія не сталі забіраць банкі перад зносам дома".
Сучасная вуліца Будзённага злучае чыгуначны вакзал з аўтавакзалам. Яе працягласць каля двух кіламетраў - ад вуліцы Свярдлова да прывакзальнай плошчы і развязкі ў раёне Азёрскай шашы.
«Вуліца Будзённага адзначана ўжо на плане горада 1866 года, — кажа пра гісторыю гэтага месца Яўген Аснарэўскі. — Яе развіццё звязана з пракладкай чыгункі Пецярбург — Варшава і будаўніцтвам першага на тэрыторыі сучаснай Беларусі чыгуначнага вакзалу. Першапачаткова вулiца называлася Новая. У другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя вуліцу забудоўвалі досыць дыхтоўнымі каменнымі дамамі. Менавіта па цотным баку вуліцы былі размешчаны найбольш буйныя будынкi».
Пазней сучасная вуліца Будзённага называлася Новадзельнай, Новашашовай, Аляксандраўскай, Ягелонскай. Імя Будзённага ёй далі ў 1940 годзе.
Чытайце таксама:
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…