Першы плогінг-забег прайшоў у Гродне 23 траўня. Дыстанцыю ў 2,5 кіламетра ў пошуках смецця пераадолелі 47 гродзенцаў. Разам яны сабралі 247 кг (1535 л) смецця. Карэспандэнтка Hrodna.life далучылася да забегу, каб даведацца пра ўражанні ўдзельнікаў.

Шмат прыгожых месцаў і ўсюды шмат смецця

Першымі да фінішу дабеглі Марына і Іна. “Бегчы было няцяжка і цікава. Часта спыняліся і збіралі смецце, – расказалі дзяўчаты. – Прабягалі каля бэзавага саду, каля аэраклуба ў Караліно – шмат прыгожых месцаў. І ўсюды было шмат смецця. У адным месцы знайшлі схаванае пахаванне сабакі з надпісам на помніку “Ціма, ты быў добрым”. 

плоггинг забег сбор мусора в Гродно
Гродзенкі Марына і Іна першымі прайшлі дыстанцыю плогінг-забегу: “Нам вельмі спадабалася. Будзем сачыць за хлопцамі [арганізатарамі. – Заўв. Hrodna.life], з задавальненнем паўдзельнічаем яшчэ раз і яшчэ раз”

Дзяўчаты распавялі, што захапляюцца спортам на аматарскім узроўні: “Бегаем, плаваем, займаемся ёгай”. Пра плогінг-забег даведаліся аднымі з першых з Instagram-акаўнта арганізатараў. 

Плогінг-забег прайшоў у шасці гарадах Беларусі. Гродзенцы бегалі ў раёне старога аэрадрома “Караліно” і Юбілейнага возера. Летам гэтыя пляцоўкі становяцца традыцыйнымі месцамі адпачынку гродзенцаў. Тут праходзяць аўтамабільны фестываль SunDay, авіяцыйны фестываль, працуе летні аўтакінатэатр. 

Чытайце таксама: Совместить пробежку и сбор мусора: в Гродно пройдет плоггинг-забег

Весела, а галоўнае з карысцю

Разам з дзецьмі і вучнямі ўдзельнічала ў плогінг-забегу Валянціна Замана з бегавога клуба Run4Fun.

«Так бегаць я згодная, – кажа Валянціна. – У калектыве, весела, а галоўнае – з карысцю. Смецця шмат, мы сабралі тры пакеты”. Адна з яе вучаніц, дзевяцігадовая Маша, кажа, што “бегчы было весела, я зусім не стамілася».

плоггинг забег сбор мусора в Гродно
Каманда клуба Run4fun на плогінг-забегу пад Гроднам 23 траўня

Аднавіцца на фоне прыроды

Міхаіл Войцішык даведаўся пра забег з сацыяльных сетак і прыйшоў “на замінку” пасля спаборніцтваў, у якіх удзельнічаў напярэдадні. «Вядома, спадабалася. [На ўчорашнім забегу] стаміўся. А тут аднавіўся на фоне прыроды”. 

плоггинг забег сбор мусора в Гродно
Удзельнікі першага гродзенскага плогінг-забегу. Многія прыйшлі з дзецьмі, а некаторыя – нават з сабакамі