Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў мястэчку Будслаў (Мядзельскі раён Мінскай вобласці) загарэўся раніцай 11 траўня. Паведамленне аб задымленні паступіла ратаўнікам ад ксяндза ў 7.47, паведамляе МНС. На момант узгарання прыхаджанаў у касцёле не было. Касцёл вядомы цудадзейнай іконай і найвялікшым у Беларусі арганам.
На ліквідацыю пажара прыехалі 12 аўтацыстэрнаў, 4 аўталесвіцы, 2 пад’ёмнікі і іншыя аўтамабілі МНС. Удзельнічаюць ратавальнікі з Мядзельскага, Вілейскага, Докшыцкага і Астравецкага раёнаў, а таксама з Мінска.
«Я размаўляў з ратавальнікам, які выйшаў са скляпенняў касцёла, з вежаў. Ён сказаў, што скляпенні нармальна будуць стаяць, не абрушацца, вежы дакладна ўратаваныя і гарэць не будуць. Самі сцены не пацярпелі. Згарэў толькі дах. Згарэў пад ноль», — расказаў Hrodna.life каталіцкі актывіст Арцём Ткачук, які гэтай раніцай акурат знаходзіцца ў Будславе.
Пажар удалося лакалізаваць у 11.24. Мядзельскім раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па ч.2 арт.304 (парушэнне правілаў пажарнай бяспецы). На месцы праводзяць агляд для высвятлення прычыны пажара.
Абраз Маці Божай Будслаўскай адразу пасля з’яўлення дыму вынеслі з касцёла ў бяспечнае месца, паведаміў Catholic.by пробашч парафіі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік. З дапамогай валанцёраў з касцёла вынеслі ўсё, што толькі магчыма: літургічныя праналежнасці, абразы, кнігі і іншыя рэчы.
Храм у Будславе быў пабудаваны ў 1633 — 1783 гг. у стылістыцы позняга барока. У ім захоўваецца цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай, прывезены ў 1597 годзе Янам Пацам з Рыма. У 1613 годзе абраз перадалі касцёлу. У перыяд вайны 1654−1667 гадоў ікона была вывезена ў Сакулку (сёння Беластоцкая вобласць).
Свята Маці Божай Будслаўскай адзначаецца 2 ліпеня. Штогод у гэты дзень мноства вернікаў прыязджае ў мястэчка на фестываль, а частка вернікаў прыходзіць у пешых паломніцтвах.
У касцёле размешчаны самы вялікі ў Беларусі барочны арган, пабудаваны ў 1781−83 гг.
«Я ў Будслаў у пілігрымках быў 15 разоў. Мне сёння 32, і я з гадоў 10 хадзіў у пілігрымкі, — кажа Арцём Ткачук. — Я вырас пры тым пакаленні, калі нашы бацькі хадзілі да Маці Божай Вострабрамскай, у Чэнстахову ездзілі, а ў нас быў толькі Будслаў. Канешне, гэта вельмі эмацыйнае месца. Кожны год гэта была такая батарэйка: сюды прыйсці ў пілігрымку, памаліцца… Для нашага пакалення гэта вельмі блізкі сэрцу храм, і для мяне асабіста».
Касцёл у Будславе з’яўляецца Нацыянальным санктуарыем і мае 500 — гадовую гісторыю. (Санктуарый — свяцілішча (месца шанавання святых могилак, рэликвий, цудадзейных статуй ці ікон) з правам прытулку.
Абраз Маці Божай Будслаўскай з’яўляецца цудадзейным і ўшанаваны папай рымскім Янам Паўлам ІІ залатой каронай. Штогод 2 ліпеня тут збіраецца каля 40 тысяч чалавек каб памаліцца перад цудадзейнай іконай. У 2018 годзе пілігрымка да Маці Божай Будслаўскай прызнана нематэрыяльнай спадчынай ЮНЭСКА.
Гатэль «Кронон Парк Гатэль», размешчаны ў лесапарку Пышкі ў Гродне, атрымаў прэмію Travel Time Awards…
У 2024 годзе бацькоўскіх правоў у Беларусі былі пазбаўлены бацькі 3 955 дзяцей. Гэта найбольшая колькасць…
Жыхар Гродна набіў на шчыкалатцы татуіроўку з выявай расійскага рэпера Пашы Тэхніка і подпісам “Досвидания”.…
На сёмым паверсе дома па вуліцы Ліможа, 48Б выстаўлена на продаж трохпакаёвая кватэра плошчай 74,8…
У Гродне рыхтуюцца да святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы аб'яднаюць пад канцэпцыяй…
З 5 красавіка ў Гродне талоны на праезд у гарадскім грамадскім транспарце даражэюць на 10…