Удзельніцы гродзенскага байк-руху ў Сусветны дзень матацыклістак 1 траўня наведалі прытулак для жывёлаў арганізацыі «Преданное сердце». Яны прывезлі кармы і вывелі пагуляць сабак.
Гродзенскія матацыклісткі не ўпершыню адзначаюць свята добрымі справамі. Жанчыны неаднаразова наведвалі дзіцячы дом у Панямуні, а таксама дамы сямейнага тыпу. З-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі гэтым разам матацыклісткі вырашылі не рызыкаваць і завіталі ў прытулак «Преданное сердце».
«Мы заўсёды спрабуем не абдзяляць увагай прытулак для жывёлаў. Мая дачка Паліна некалькі месяцаў таму ладзіла вяселле. Маладыя папрасілі, каб замест кветак госці дарылі корм для жывёлаў. Такім чынам маладыя завезлі ў прытулак прыкладна 100 кг корму. А нам у падарунак прывезлі сабаку», — распавяла Hrodna.life удзельніца міжнароднага жаночага мотаклуба «Valkyries International Sisterhood» Наталля.
У бліжэйшы час жанчыны плануюць абмеркаваць з кіраўніцтвам прытулка магчымасць завітваць сем’ям, дзе дзеці мараць пра сабаку. Каб дзіцё на гадзіну вывела гуляць жывёлу, адчула адказнасць і атрымала зарад эмоцый.
Гродзенскае грамадскае аб’яднанне абароны жывёлаў «Преданное сердце» існуе з 2011 годда. Гэта некамерцыйная, недзяржаўная арганізацыя. Асноўная мэта — дапамога бядомным жывёлам, скарачэнне іх колькасці шляхам стэрэлізацыі, пошук новых гаспадароў для бадзяжных жывёлаў, прыцягненне ўвагі грамадства да праблемаў безнадзорных жывёлаў і жорсткіх адносінаў да іх.
Раім пачытаць: