Мастака Алеся Пушкіна перавялі з турмы № 1 у Гродне. Гэта пацвердзілі ў самой турме 28 красавіка.
Справу мастака перадалі ў цэнтральны апарат Следчага камітэта, а яго самога перавялі ў Следчы ізалятар № 1 на Валадарскага (Мінск), паведаміў канал, чый сайт прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім.
26 сакавіка супраць мастака і іншых асобаў узбудзілі крымінальную справу па ч.3 арт.130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні, здзейсненае групай асобаў») за «дзеянні, скіраваныя на рэабілітацыю і апраўданне нацызму», паведаміла пракуратура. Нагодай стала дэманстрацыя партрэта Яўгена Жыхара на выставе мастака ў Гродне 19 сакавіка. Пакаранне паводле дадзенага артыкула — ад 5 да 12 гадоў зняволення.
30 сакавіка яго на запыт з Гродна затрымалі ў Жылічах (Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці), дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Да таго ў яго дома ў вёсцы Бобр прайшоў ператрус. На момант узбуджэння крымінальнай справы мастак знаходзіўся ў Кіеве, але вярнуўся ў Беларусь. 31 сакавіка стала вядома, што ён знаходзіцца ў гродзенскай турме.
Праваабаронцы прызналі Алеся Пушкіна палітвязнем.
Падазраваным па гэтай крымінальнай справе праходзіць таксама Павал Мажэйка, кіраўнік прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця», дзе праходзіла выстава Алеся Пушкіна. Яго затрымалі 26 сакавіка і адпусцілі 29 сакавіка з дакументам, дзе сказана, што «неабходнасць у затрыманні адпала».
Таксама прайшлі ператрусы ў сведкаў па справе — журналісткі і рэдактаркі спецпраектаў Hrodna.life Ірыны Новік і ўладальніка крамы «Адметнасць» Сяргея Верамеенкі.
Чытайце таксама:
- Краму «Адметнасць» у Гродне прымушаюць даваць тлумачэнні па продажы БЧБ-сцягоў. Прычына — скарга жыхара вёскі пад Верхнедзвінскам
- «Інфармацыя, якая парушае палітычныя перакананні». Ідэолагі знайшлі палітычную рэкламу на таварах у краме «Адметнасць»
«Цэнтр гарадскога жыцця» праз выставу хочуць закрыць
20 красавіка стала вядома, што «Цэнтр гарадскога жыцця» хочуць ліквідаваць. 30 сакавіка пракурор Гродна Уладзімір Клішын звярнуўся з іскам у Эканамічны суд Гродзенскай вобласці. Нагодай для іска стала тая самая выстава. У іску Клішын спасылаецца на арт.81 Кодэкса аб культуры, згодна з якім дзейнасць культурнай установы можна забараніць, калі яна прапагандуе вайну, экстрэмісцкую дзейнасць, гвалт і жорсткасць, сацыяльную, нацыянальную, рэлігійную, расавую выключнасць, нецярпімасць або варожасць, парнаграфію, падбухторвае да здзяйснення злачынстваў. Гродзенцы стварылі зварот да гарадскіх уладаў у абарону «Цэнтра». Падпісаць яго можна тут: ucentry.by. На момант публікацыі да яго далучыліся за 993 чалавекі.
Хто такі Алесь Пушкін
Алесь Пушкін — беларускі мастак і перформер. Акрамя творчасці, ён вядомы тым, што ў 1999 годзе прывёз тачку гною да рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў цэнтры Мінска. У ёй быў раздрукаваны партрэт Лукашэнкі, прабіты віламі. Такім чынам мастак выказаў сваю нязгоду з палітыкай Лукашэнкі. Летам 2020 года ў інтэрвью для «Радыё С**боды» ён зазначаў: другі раз гной бы ўжо не павёз, бо за 21 год у Лукашэнкі з’явіліся і дасягненні. Казаў, што прывёз бы тачку ружаў, калі б быў упэўнены ў трывалай незалежнасці Беларусі, але гэтага няма.
Як рэстаўратар Алесь Пушкін працаваў у кафедральным касцёле Святога Станіслава ў Магілёве, у касцёле архангела Міхаіла ў Міхалішках (Астравецкі раён), з апошняга — аднаўляў роспісы ў палацы Пуслоўскіх (Косава). У касцёле Панны Марыі ў Вішневе (Валожынскі раён) быў навуковым кіраўніком праекта. Прапанаваў праект роспісаў для Старога замка ў Гродне.