Выйсці з дома, смачна паесці і быць у трэндзе — пра такую матывацыю схадзіць на гастрафэст распавядалі гродзенцы карэспандэнтцы Hrodna.life. Патрапіць у некаторыя ўстановы фестывалю аказалася няпроста. У іншых выходзіла атрымаць сэт нават без чакання. Колькасць наведвальнікаў за дзень ва ўстаноў-удзельніц гастрафэста вырасла ў параўнанні са звычайнай у 2−4 разы.
Жанна Лукашэвіч упершыню паспрабавала трапіць на гастрафэст. «Звычайна не ходзім па рэстаранах. Але зараз захацелася», — распавяла яна. Выбірала ўстанову па рэкламных фатаграфіях сэтаў. Першы званок для замовы зрабіла 16 красавіка. У першы раз трапіць на сэт атрымалася 26-га. У яшчэ адзін рэстаран удалося зарэзерваваць месцы на апошні дзень гастрафэста.
З аўторка 27 красавіка некаторыя рэстараны ўжо не прымаюць замовы. «Усе месцы зарэзерваваныя да канца фестывалю», — адказалі адміністратары «Беластока». На старонцы «Золотого теленка» ў Instagram паведамляюць, што сэтаў на вынас і дастаўку не забяспечаць. Прасцей за ўсё патрапіць на сэт у рэстаранах гандлёвых цэнтраў: у «Старым горадзе» (ГЦ Old City) і «Piazzetta Italiana» (ТРК Triniti). У «Подкове» і ў «Хинкальне» прыйдзецца чакаць сэт 1−2 гадзіны, але трапіць — рэальна.
Для некаторых гродзенцаў гастрафэст стаў нагодай схадзіць у кавярню і правесці час з сябрамі. Яшчэ адна матывацыя — паспрабаваць «сапраўдны» смак страў ад рэстаранных шэфаў.
«Па-сапраўднаму можна наесціся і яшчэ застанецца. Усё-такі паўтара кілаграма ежы, — кажа Паліна Ткачэнка пра сэт у „Хинкальне“. — Спачатку прынеслі нам суп. Я пакаштавала пару лыжачак — мне спадабалася. Але потым аказалася, што суп востры. Гэта не выключае таго, што ён смачны. Можна есці з хачапуры».
«Асабліва вылучу салата — вельмі сакавіты, спадабаўся. Хінкалі каштавала ўпершыню. Не зразумела, чаму такі ажыятаж вакол іх. Нагадалі мне пельмені».
Аднаго сэта з піцэрыі «Piazzetta Italiana» цалкам хапіла на дваіх, адзначыла Вольга Сяліцкая. «Загадзя не рэзервавалі. Проста хадзілі па крамах, стаміліся, вырашылі адпачыць-падсілкавацца. Замовілі сэт і атрымалі яго хвілін праз 15. Было супер».
«Гастрафэст ў „Артефакте“ нам вельмі спадабаўся, — кажа Ларыса Сыраваткіна. — Кулябяка з цялячымі мазгамі, з ягадамі і апельсінавымі цукатамі - незвычайна і смачна. Сам дома так не прыгатуеш. Прыгожа падавалі акуня ў саляным панцыры. Афіцыянтка яго падпаліла, елі, калі полымя згасла. Спадабаўся мядовік, як хатні. Выхад сэта — кілаграм. Наелася так, што абышлася без вячэры».
Наведаць за тыдзень чатыры ўстановы ўдалося Кацярыне Забелінай. Яна распавяла, што звычайна выходзіць паабедаць не дома некалькі разоў на месяц. Таксама ў кафэ і рэстаранах яна сустракаецца з сяброўкамі ці прызначае дзелавыя сустрэчы. Калі праходзяць гастрафэсты — абавязкова імкнецца патрапіць.
У Кацярыны ёсць свой сакрэт, які дапамагае трапіць нават у самыя пафасныя месцы.
«Заўсёды ёсць розніца, спрабуеш патрапіць у пачатку ці потым. У першыя дні заўсёды прасцей. Усе яшчэ разгойдваюцца. У некаторыя ўстановы можна прыйсці без запісу».
Пра візіт у бар «Эсперанто» Кацярына напісала на сваёй старонцы ў Facebook:
««Эсперанто» паліў у прамым сэнсе слова: стравы то гарэлі, то дыміліся. А калі прынеслі дэсерт, я нават западозрыла, што цяпер дакладна ірване… Але абышлося.
Ахвотных было шмат. Цудам удалося зарэзерваваць столік проста перад візітам. Зала была пад завязку забітая прагнымі гастрафэсціць… Спойлерну: усе стравы спадабаліся. Было эстэтычна і смачна".
Студэнты-маркетолагі з ГрДУ скарысталіся гастрафэстам не толькі каб смачна паесці. Яны зладзілі ўласнае рейтынгаванне фестывалю з пункту гледжання маркетынгу, распавяла Hrodna.life Анастасія Сазановіч.
Сістэма ацэнкі устаноў у студэнцкім маркетынгавым даследаванні ўключала падачу, арыгінальнасць, агульны знешні выгляд фатаграфіі, адпаведнасць яго стылю ўстановы. Лідзіруюць у іх рэйтынгу «Золотой теленок», «YellowStreet17» і «Беласток».
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…