Кіроўцу Ціханоўскага Аляксандра Арановіча прысудзілі па некалькіх артыкулах да шасці гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і пакінулі пад вартай. Менавіта колькі прасіў пракурор. Прысуд вынесла суддзя Алена Пятрова ў судзе Ленінскага раёна 27 красавіка. Апошняе слова Аляксандр сказаў коратка: “Справа падстаўленая. Доказаў ніякіх няма. Абараняцца не далі. Усе зацікаўлены ў тым, каб мяне пасадзіць. Больш няма слоў”.
З яго таксама спагналі 278, 73 рублёў у кошт пагашэння працэсуальных выдаткаў. Кепку, якая выкарыстоўвалася як рэчавы доказ “канспірацыі”, яму вернуць. Макет тапка знішчаць. Арышт на маёмасць – у тым ліку, мабільны тэлефон, халадзільнік, пральную машыну і тэлевізар — пакінулі. Грошы – $ 11 624 і € 3 725 – вернуць бацькам Арановіча.
Падтрымаць Аляксандра прыйшлі каля 40 чалавек – усе не змясціліся ў залу суда. “Трымайся, Саша!” – казалі яны пасля апошняга слова і паказвалі кулак – жэст, які выкарыстала каманда Ціханоўскага. Таксама ў гэты дзень у холе суда прысутнічалі сілавікі ў цывільным. Канваіры забаранілі фатаграфаваць Арановіча і папрасілі выдаліць зробленыя здымкі.
Прысуд павінны былі абвясціць у 12.30, але перанеслі на 14.30. У зале суда ўжо знаходзіўся супрацоўнік міліцыі ў цывільным, які вёў відэаздымку. Прысутных на пасяджэнні здымалі і на вуліцы.
Пасля вынясення прысуду Аляксандр быў у апатыі і заявіў, што «ўсё даўно было зразумела».
Аляксандру Арановічу 38 гадоў. Ён удзельнік каманды YouTube-канала “Страна для жизни”, заснаванага Сяргеем Ціханоўскім. Аляксандр Арановіч разам з камандай “Страны для жизни” ездзіў па рэгіёнах Беларусі на брэндаваным аўтадоме, паведамляе prisoners.spring96.org. Затрыманы 29 траўня, з 1 чэрвеня 2020 года знаходзіцца пад вартай. Халасты, мае двух дзяцей 6 і 14 гадоў.
Аляксандра пачалі судзіць 26 лютага ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Яго абвінавацілі ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак у Гродне 29 траўня, паводле ч. 1 арт. 342 КК і паводле ч. 2 арт. 13 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадкаў) за захоўванне на гарышчы дома ў сваіх бацькоў у Старых Дарогах старой дымавой шашкі.
На “незаконным грамадска-масавым мерапрыемстве пад выглядам пікетавання” ў Гродне 29 траўня Арановіч “у мэтах канспірацыі і ўтойвання слядоў злачынства” спецыяльна апрануўся ў вопратку, падобную да вопраткі Ціханоўскага. Гэтым ён ажыццяўляў прыкрыццё, абарону і ахову Ціханоўскаму. На думку дзяржабвінавачання, гэтым ён парушыў арт.342 КК. Таксама Аляксандр купіў дымавую шашку, якую “канспіратыўна захоўваў” па месцы жыхарства ў Старых Дарогах, лічыць абвінавачванне.
Чытайце таксама:



