Гродзенку Любоў Сарлай звольнілі з Белпошты, дзе яна працавала аператарам. Яна хацела сысці з працы па пагадненні бакоў, але яе заяву не падпісалі і ў выніку звольнілі за прагул загадам ад 19 красавіка.
Сарлай хацела ўзяць 25 сакавіка выхадны за свой кошт. Пра гэта яна папярэдзіла начальства. Дырэктар, па яе словах, пагадзіўся, але пазней заяву не падпісаў і прапанаваў выбраць іншы дзень. Любоў не выйшла на працу 25 сакавіка. Дысцыплінарнага спагнання тады не было, але пазней яе звольнілі за прагул без паважных прычын (п. 5 арт. 42 Працоўнага кодэкса). Тэрміны спагнання — 1 месяц — выкананыя.
Аб калектыве і зарплаце
Любоў прыйшла працаваць на пошту ў 2008 годзе пасля паштовага вучылішча, распавяла дзяўчына на старонцы ў Instagram. «Памятаю свой першы, вельмі душэўны і дружны калектыў, з ім можна было і ў агонь, і ў ваду. Усякае было, і добрае, і дрэннае, але ў любым выпадку, добрага было больш. За час працы на пошце я выйшла замуж, нарадзіла дваіх сыноў».
З сакавіка Любоў працавала ў вылучаным працоўным месцы — пункце паштовых паслуг «Ніка». Яна прасіла перавесці яе на працу ў іншае аддзяленне, каб ёй было зручней адвозіць дзяцей у дзіцячы сад. Начальства адмовілася. Тады Любоў вырашыла звольніцца сама, але яе звольнілі па артыкуле.
Любоў распавяла, што любіла сваю працу, але часам хацела яе змяніць з-за «катастрафічна нізкай» заработнай платы. Яе заробак за сакавік склаў 420 рублёў, за красавік — 382. Да таго ж, быў «касмічны» план па выпісцы дзяржаўных газет. Калі не ўдавалася яго выканаць, некаторыя супрацоўнікі аддавалі да 100 рублёў для кампенсацыі. У прэс-службе Белпошты на пытанні Hrodna.life папрасілі даслаць пісьмовы запыт.
Абноўлена 24 траўня. Прайшоў месяц з моманту, як Hrodna.life накіраваў запыт у Белпошту — адказ нам не прыйшоў.
У планах — пошук працы
У пачатку лета 2020 года Любоў выйшла з прафсаюза. «Я не ведаю, угодны я была супрацоўнік або не, але працу я выконвала сваю адказна. Я ніколі не дазваляла сабе спазняцца, зачыніцца крыху раней ці адчыніцца пазней, хаміць людзям, паводзіць сябе непрыстойна, а ўжо тым больш, не выходзіць на працу проста так. Але і поўзаць, хадзіць на задніх лапках і маўчаць — гэта таксама не пра мяне», — распавяла Любоў. Яна дадала, што паступіла б так жа, калі б ведала, да чаго гэта прывядзе. У каментарах ў Instagram карыстальнікі дзякуюць Любові за пазіцыю.
Цяпер Любоў будзе шукаць працу. «За такі заробак… менш дакладна не знайду. Пачну з нуля, з чыстага ліста», — распавяла яна Hrodna.life.
Любові Сарлай 32 гады. Замужам, выхоўвае сыноў трох і шасці гадоў. Любоў неаднаразова затрымлівалі і судзілі пасля выбараў 2020 года. Спачатку яе затрымалі 31 кастрычніка 2020 года каля крамы. Потым праваахоўнікаў насцярожылі здымкі на Instagram-старонцы дзяўчыны — на яе склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Некаторыя справы спынілі за заканчэннем тэрміну даўнасці. Вядомай стала гісторыя пра штаны з БЧБ-лампасамі - за шпацыр у іх дзяўчына выплаціць штраф 20 базавых велічынь (580 рублёў).
Чытайце таксама: