Навіны

Паўтара года калоніі атрымаў гродзенец за канфлікт з Вольгай Бондаравай. Пацярпелая: «Хацелася б больш суровага прысуду»

Вадзіму Плаўскаму, якога абвінавацілі ў хуліганстве пасля канфлікту з актывісткай «Антывандал» і «ІнфаСпецНаз» Вольгай Бондаравай, прысудзілі паўтара года калоніі агульнага рэжыму. Гродзенец выйдзе на свабоду праз год і месяц — у тэрмін пакарання залічаць пяць месяцаў знаходжання пад вартай.

Вадзіма пакінулі пад вартай да ўступлення прысуду ў законную сілу. Рашэнне 2 красавіка вынес суддзя Руслан Хіхол ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна.

Вадзім у апошнім слове мала казаў пра сябе, і больш — пра жонку і дзяцей. Жонка Плаўскага Дыяна да гэтага распавядала Hrodna.life, што за 12 гадоў адносін яны ні разу надоўга не расставаліся. Як спраўляцца без Вадзіма, тады яна яшчэ не думала — спадзявалася на лепшае.

30 кастрычніка 2020 года Вадзім Плаўскі забраў малодшую дачку з дзіцячага садка і каля 17.30 пайшоў з ёй гуляць па Альшанцы. У той дзень на дрэвах хтосьці развесіў белыя стужачкі, адну з іх у рукі ўзяла дачка Вадзіма. У гэты час да сям'і падышла Вольга Бондарава з «Антывандалу», пачала здымаць Плаўскага на камеру, размаўляць з ім і пераследаваць. Мужчына адправіў дачку дадому і паваліў Вольгу на зямлю. Плаўскі упэўнены, што яго справакавалі.

Апошняе слова

«Высокі суд! У мяне дома засталіся двое малалетніх дзяцей — дзве дачкі, якія мяне вельмі моцна любяць і жыць без мяне не могуць. І жонка, якая яшчэ ў маленькім узросце засталася без мамы. Яна памерла ад раку. Яе выхоўваў бацька, які таксама, да агульнага жалю, памёр ад кровазліцця ў мозг. Са сваякоў у яе застаўся малодшы брат і бабуля, таксама хварэе на анкалогію і якая жыве ў Гродне, якой патрэбен пастаянны догляд. Дапамагчы ёй, акрамя жонкі і мяне, няма каму. Адна яна ніяк не спраўляецца. Мае бацькі таксама ёй асабліва нічым дапамагчы не могуць, так як жывуць далёка і ў іх свае праблемы.

Дзяцей пакінуць няма з кім, так як жонка працуе пазменна. Заработная плата ў яе невысокая. Цягнуць гэтую лямку адна яна не ў сілах. Дзеці кожны дзень пытаюцца, дзе тата і калі ён да нас вернецца. Мне ад гэтага становіцца таксама не па сабе, я месца сабе не знаходжу. Я разумею, што ёй без мяне вельмі цяжка. Калі мяне не будзе з імі побач, усё можа дрэнна скончыцца.

Старэйшая дачка Віялета вучыцца ў Гродзенскай гарадской гімназіі. Малодшая Эмілія яшчэ ходзіць у дзіцячы сад. Пры гэтым яны абедзве займаюцца дадаткова: старэйшая — вакалам, малодшая — гімнастыкай. Абедзве яны робяць добрыя дасягненні і падаюць надзеі, на якія патрабуецца маральная і фінансавая падтрымка. А таксама татава падтрымка ва ўсім. Дзеці павінны адчуваць татаву падтрымку, якой не было ўжо больш за пяць месяцаў.

Я хачу таксама сказаць, Паважаны суд, што я не злачынец, раней не судзімы ніколі, і ў маіх дзеяннях не было ніякіх хуліганскіх намераў і матываў. Я не наносіў ніякіх удараў гэтай жанчыне, да апошняга імкнучыся трымаць сябе ў руках. І неаднаразова паўтараў Бондаравай, каб яна спыніла відэаздымку, на што яна не рэагавала, а толькі яхідна ўсміхалася. Быў у стрэсавым стане, адчуваў паніку і вельмі моцна перажываў за маленькую дачку, якая моцна спалохалася, і я гэта выразна бачыў і адчуваў не толькі на ёй, але і на сабе. А Бондараву усё гэта радавала. Нават пасля таго, як я яе паваліў, яна ўстала і з усмешкай сказала: «Малайчына, „умничка“, знята». І казала яна гэта ўсё, гледзячы мне ў твар, што я таксама выразна бачыў.

Вадзім Плаўскі пасля затрымання 30 кастрычніка. Скрыншот: Hrodna.life

Я не ведаю, як паступіў бы іншы бацька на маім месцы і шкадую аб тым, што не выклікаў тады міліцыю. Тым не менш, я хачу папрасіць прабачэння ў гэтай жанчыны, калі прычыніў ёй засмучэнні. І хачу, каб яна не трымала на мяне зла. Апыніся яна ў падобнай сітуацыі, я працягнуў бы ёй руку дапамогі.

Я па натуры добры чалавек. У мяне дочкі, жонка, якіх я люблю. Мяне ведаюць многія людзі і пра мяне дрэнна ніхто не скажа ніколі. Пра гэта таксама ёсць характарыстыка з маёй працы, якую я нават не чытаў, але ўпэўнены, што там пра мяне толькі добрае. Таксама ў асобе майго непасрэднага начальніка, які перыядычна тэлефануе маёй жонцы і таксама перажывае за мяне, як блізкія мне людзі.

За пражытыя амаль 40 гадоў свайго жыцця я не здзейсніў ніводнага злачынства. І ў такой сітуацыі, якая ўзнікла паміж мной і Бондаравай, ніколі не быў. Цяпер я ведаў бы, як дзейнічаць, і, магчыма, выклікаў бы міліцыю. Хачу патлумачыць, што да палітычнай сітуацыі ў краіне стаўлюся нейтральна. У мітынгах не ўдзельнічаў і не ўдзельнічаю. Стужачкі ў парку і наогул нідзе ніколі не развешваў. Пры сабе нічога не меў і не захоўваў, аб чым сведчыць вобшук у нашай кватэры, дзе нічога падазронага знойдзена не было. Стужачкі ў парку там былі вывешаныя з раніцы — гэта ёсць у матэрыялах справы, Бондарава пра гэта казала сама.

Кватэра набытая ў крэдыт, і за яе штомесяц трэба плаціць, дзе зноў жа без майго ўдзелу не абысціся. Я не знаходзіўся, Высокі суд, у стане алкагольнага ап’янення на момант усяго таго, што адбываецца. Я выпіў дома, каб зняць стрэсавы стан, аб чым можа засведчыць мая жонка. Прашу ўлічыць, што гэты канфлікт справакавала менавіта Бондарава, здымала ўсё на камеру свайго мабільнага тэлефона. Мы ад таго канфлікту хацелі ўцячы, спрабуючы сысці ад пераследу і прасілі спыніць відэаздымку. Але яна на гэта ніяк не рэагавала, толькі яхідна ўсміхалася ў адказ", — сказаў Вадзім Плаўскі ў апошнім слове 2 красавіка.

Група падтрымкі была ў кожнай з бакоў

На паседжанне прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек — падтрымаць і Плаўскага, і Бондараву. Адна з сябровак Вольгі прыйшла ў майцы «Гарбачова пад суд». Сябры Вольгі, якая стала пацярпелай пасля сваёй відэаздымкі, былі супраць, каб іх фатаграфавалі. Яны нават паклікалі супрацоўніка міліцыі, калі блогер Вадзімаці зрабіў фота агульнага плана. Міліцыянт патлумачыў, што здымка ў будынку суда не забароненая. Пазней блізкія Бондаравай зноў гразіліся заявіць на Вадзімаці ў міліцыю — за курэнне ля будынка суда.

Паседжанне па справе Вадзіма Плаўскага 2 красавіка. Фота: Алена Кавальчук

Пасля вынясення прысуду жонка і мама Вадзіма плакалі. Блізкія Плаўскага праводзілі Вольгу саркастычным «Віншуем!», на што яна ніяк не адрэагавала. На пытанне блізкіх: «Як, Вольга, задаволеныя?» яна таксама не адказала. Затое пракаментавала прысуд у Telegram-канале «ИнфоСпецНаз Гродна». Вольга падзякавала блізкім за падтрымку і адзначыла, што без іх не была б такой спакойнай. «Вядома, мне, як пацярпелай, хацелася б больш суровага прысуду», — напісала Вольга.

Пасля пасяджэння паміж блізкімі абвінавачанага і пацярпелага паўстала спрэчка. Кожны даводзіў, што яны — «мірныя людзі», а іх апаненты агрэсіўныя.

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024

«Ледзь галаву не адрэзала». Байкеры ў лесе Гродна знайшлі пастку з дроту — у справу ўмяшалася міліцыя

Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…

20 лістапада 2024