Каля 18.30 12 сакавіка ў Гродне затрымалі журналіста Дзяніса Івашына. Пра гэта паведамілі яго калегі.
Журналіста затрымалі ў яго дома людзі з пад’ехаўшага мікрааўтобуса, паведамляе БАЖ. З ім і жонкай Вольгай Hrodna.life звязацца не ўдалося. Маці журналіста, Людміла Івашына, каля 20.00 паведаміла, што затрыманне праводзіў КДБ. Кватэру Івашына абшукалі.
Дзяніс Івашын — рэдактар беларускай версіі і журналіст медыя informnapalm. Займаецца пераважна расследаваннямі. Ён пісаў пра санаторыі Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі ў Крыме, пра сітуацыю з Covid-19, рабіў расследаванне пра беркутаўцаў ды інш.
У 2018 годзе газету «Новы час» судзілі за артыкулы Івашына аб рэстаране паблізу месца расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў пад Менскам.
У студзені адрас Дзяніса Івашына трапіў у дакументы па крымінальнай справе: тады засакрэчаныя амапаўцы замест сваіх адрасоў назвалі адрасы журналістаў і грамадскіх актывістаў.