У Гродне на вул. Савецкай каля 15.30 31 студзеня затрымалі некалькі чалавек. Імёны двух з іх вядомыя – Іна Корп і Маргарыта Утлік, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”. Па словах праваабаронцаў, іх адпусцілі пасля прафілактычнай гутаркі.

Відавочцы паведамілі яшчэ пра трох затрыманых – мужа, жонку і дачку. На вечар 31 студзеня яны знаходзіліся ў РАУС.

Чытачы з Навагрудка паведамілі, што 31 студзеня быў затрыманы 72-гадовы Аляксандр Быстрык – былы дырэктар мясцовай школы № 5. Паведамляецца, што ён ішоў на экскурсію, якая ў выніку, як сцвярджаюць відавочцы затрымання, была сарваная.

Усяго ў Беларусі 31 студзеня затрымалі 167 чалавек. Астатнія затрыманні адбыліся ў Менску.