Установы, размешчаныя ў жылых дамах або інтэрнатах, якія прадаюць алкаголь, змогуць працаваць толькі да 23.00, адпаведны праект пастановы Савета міністраў паступіў у Асацыяцыю рэстаратараў. Тое ж тычыцца ўстаноў, якія міліцыя палічыць адказнымі за пагаршэнне крымінальнай абстаноўкі на канкрэтнай тэрыторыі. Hrodna.life пацікавіўся ў уладальнікаў гродзенскіх бараў, што яны збіраюцца рабіць, калі пастанову прымуць.
«У буднія дні мы і так працуем да 23.00, але ў пятніцу, суботу і нядзелю — да гадзіны, або да апошняга кліента. Таму гэта не вельмі пазітыўная навіна», — сказаў Hrodna.life дырэктар бара «Трактиръ Подкова» Павал Севасціновіч. Ён спадзяецца, што пастанову ўсё ж не прымуць, «адумаюцца». Яго ўстанова размешчана як раз на першым паверсе жылога дома ў цэнтры Гродна, на вуліцы Кірава.
Павел Севасціновіч ўваходзіць у Асацыяцыю рэстаратараў. Члены асацыяцыі плануюць сабраць подпісы і дамагчыся грамадскага абмеркавання праекта, каб паўплываць на прыняцце канчатковага рашэння. Таксама асацыяцыя заклікала прадстаўнікоў сферы далучацца да яе. «Чым больш нас будзе, тым больш шанцаў», — адзначалі ў асацыяцыі. Было прынята рашэнне не браць з новых членаў штомесячныя ўзносы, якія складаюць 10 рублёў. У асацыяцыі перакананыя, што калі да іх не прыслухаюцца, 90% рэстаранаў і бараў не змогуць працаваць пасля 23:00.
Па звестках асацыяцыі, пастанова можа ўступіць у сілу з 8 ліпеня 2021 года. Праект — ініцыятыва МУС.
Пункт пастановы, згодна з якім мясцовыя выканаўчыя органы могуць адмовіць ва ўзгадненні рэжыму працы аб’ектаў, уключае выпадкі
- «размяшчэнне рознічнага гандлёвага аб’екта, аб’екта грамадскага харчавання, у якім ажыццяўляецца рознічны гандаль алкагольнымі і безалкагольнымі напоямі і півам у шматкватэрным жылым доме, інтэрнаце»;
- «паступленне ў мясцовыя выканаўчыя распарадчыя органы заключэння тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў інфармацыі аб наяўнасці рызык, якія спрыяюць росту правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца грамадзянамі ў стане алкагольнага ап’янення, і або пагаршэння крымінагеннага становішча на адпаведнай тэрыторыі, звязанай з працай аб’екта пасля 23.00».
Могуць прыйсці да кожнага
«І ў нас у горадзе дастаткова устаноў, якія знаходзяцца ў жылых дамах», — сказаў Севасціновіч. Ён адзначыў, што бараў, кафэ і рэстаранаў, размешчаных не ў жылых дамах, але там, дзе побач ёсць жылыя дамы і могуць быць заўвагі ад міліцыі, большасць: «Практычна можна прыйсці да кожнага».
«Гэта будзе вельмі сур’ёзны ўдар. Асноўны паток кліентаў прыходзіцца на пятніцу-суботу. У гэтыя дні робіцца, напэўна, 50−60% тыднёвай выручкі. Калі мы будзем працаваць толькі да 23.00, знікне вялікая колькасць наведвальнікаў. Не кажучы ўжо пра тыя ўстановы, якія праводзяць нейкія мерапрыемствы, банкеты, вяселлі».
Асацыяцыя паведаміла, што ўжо ўдзельнічае ў распрацоўцы пастановы, і яны паспрабуюць знайсці кампраміс паміж «інтарэсамі галіны і абаронай грамадскага парадку». Павал Севасціновіч жа сумняваецца, што такі кампраміс магчымы.
«Было б правільна ўсё пакінуць на ранейшым месцы. Наўрад ці падаўжэнне працы на гадзіну зможа выратаваць. Большасць устаноў вымушана будзе зачыніцца». Як прыклады ён згадаў кальянную «Мята» і рэстаран «Гранат» на Савецкай плошчы, якім абмежавалі час працы ў лістападзе 2020, і тыя зачыніліся. Тое ж адбылося з барам «Малако» на вуліцы Калючынскай у 2019 годзе праз скаргі жыхароў суседніх дамоў. Бар «Куба», размешчаны ў тым жа будынку, спачатку зачыніўся летам 2020, пасля аднавіў працу з іншым арандатарам, але цяпер памяшканне вырашылі выставіць на аўкцыён.
Асноўная частка гасцей — пасля 23.00
«Будзем вырашаць праблемы па меры паступлення», — сказала Hrodna.life Яўгенія, дырэктарка гродзенскага бара Rockstar. Хоць сам бар размешчаны ў адміністрацыйным будынку, ён, як і любая ўстанова, можа трапіць у заключэнне міліцыі пра ўплыў на рызыкі правапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення. Бар адкрыты з 18.00 да 2.00 у буднія і да 4.00 з пятніцы па нядзелю. Там часта праводзяць рок-канцэрты.
«Такое рашэнне вельмі дрэнна паўплывае на працу, вядома. Прыйдзецца нешта змяняць», — кажа Яўгенія. З яе словаў, пасля 23.00 прыходзіць асноўная частка наведвальнікаў.
Асацыяцыя рэстаратараў была створана ў красавіку 2020 года для абароны калектыўных інтарэсаў яе членаў перад дзяржавай. Кіраўніком Асацыяцыі на той час быў Вадзім Пракоп’еў, буйны мінскі рэстаратар, які стаў таксама вядомы сваімі відэазваротамі да ўладаў Беларусі.
Чытайце таксама: Бизнес в Гродно-2020: коронавирус ударил сильно, проверки добивают выживших