Ноччу 7 лістапада 2020 года мужчына сарваў дзяржаўны сцяг з будынку клуба «Пушкін» па вуліцы Савецкіх памежнікаў. Гродзенец кінуў яго на зямлю. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па арт. 370 КК «Здзек над дзяржаўнымі сімваламі», паведамляе grodno.mvd.gov.by.
Міліцыя знайшла абвінавачанага — ім аказаўся 32-гадовы жыхар Гродна. Раней мужчына судзімы не быў, да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягваўся.
— Дурасць у галаве была, палітычных мэтаў не пераследаваў, — патлумачыў мужчына на відэа УУС Гродзенскай вобласці. Па словах гродзенца, ён быў п’яны, аб адказнасці не ведаў. Заклікі Telegram-каналаў на яго, па словах мужчыны, не паўплывалі.
Гродзенцу пагражае да года абмежавання волі.