Самец качкі-каралінкі, затока Нёмана на ўскрайку Гродна. 17-01-2021. Здымак праз пар ад вады Дзьмітрыя Вінчэўскага
17 студзеня на Нёмане ўпершыню ў нашай краіне назіралася качка-каралінка, паведамляе грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).
Назіранне незвычайнай птушкі зрабілі мінскія і гродзенскія сябры Клуб200 АПБ Таццяна Каржыцкая, Юрый Шашэнька, Максім Косцін і Дзмітрый Вінчэўскі.
У надзеі пабачыць рэдкія ў Беларусі на зімоўцы віды мінчане выбраліся на выходныя ў Гродна, каб абследаваць незамерзлыя ўчасткі рэк Ласасянкі і Нёмана, ачышчальныя сажалкі завода «Гродна-Азот».
— Вялікія маразы і шмат снегу радуюць гэтай зімой не толькі дзетак, — кажа Дзмітрый Вінчэўскі. — Назіральнікі птушак у такое надвор’е маюць шанец убачыць у нас тыя віды, якія звычайна адзначаюцца вельмі рэдка. Многія птушкі стараюцца трымацца адкрытай вады. Месцаў такіх робіцца вельмі мала, таму і знайсці такія віды ў гэты час у гэтых месцах лягчэй. Часам, акрамя чаканых і жаданых відаў, можна сустрэць і нечаканыя.
Спачатку птушкары паназіралі на Ласасянцы за зімародкамі, вадзяным пастушком, берасцянкамі, малінаўкай, лясной завірушкай і чорнагаловай лескай (апошнія два віды -вельмі рэдкія зімоўшчыкі ў Беларусі), аднак аляпку, якая там раней рэгулярна зімавала, не знайшлі. На заводскай сажалцы з цёплай вадой пабачылі белашчокую казарку і гусь-гуменніцу. Але горнага свірстуна, якога хацелі знайсці бёрдвочары, яны таксама не знайшлі.
— Каб знайсці яго, мы пераехалі праз увесь горад на супрацьлеглы ад сажалак «Азота» бераг Нёмана — туды, дзе насупраць адбываецца выкід ў рэку ачышчанай вады і з «Азота», і з водаканала, і тут і адбыліся незапланаваныя сюрпрызы! — расказвае Дзмітрый Вінчэўскі. — Сярод густога пару, які парывамі ветру разносіўся над вадой, Таццяна заўважыла незвычайную для нас качку, якая аказалася самцом качкі-каралінкі! Ён трымаўся трошкі адасоблена ад качак-крыжанак і цыранак, якія актыўна харчаваліся ля фантанаў.
Таццяна Каржыцкая, якая пачала актыўна назіраць за птушкамі ў 2015 годзе, натхніўшыся экскурсіяй АПБ у Лошыцкім парку, расказвае:
— Я заўважыла прыгожую качку, але не надта добра бачыла ў аб’ектыў фотакамеры і таму падумала, што гэта, магчыма, качка-мандарынка. Але Юры і Дзмітры адразу мяне паправілі, што гэта не мандарынка, а ўвогуле новы для Беларусі від — каралінка. Мы спрабавалі пабачыць, ці яна акальцаваная, і, здаецца, кальца не было. У любым выпадку, каралінка сталася добрым падарункам мне на дзень народзінаў. Цікава, што падняўшыся да машыны, мы пабачылі на плоце адрас: Каралінка, 61. Сімвалічна. Бо дзе яшчэ як не тут было шукаць гэтую заморскую качку?!
У суседніх Літве і Польшчы качкі-каралінкі ў дзікай прыродзе адзначаліся неаднакроць, але для Беларусі гэта першая рэгістрацыя віду ў дзікай прыродзе.
Качка-каралінка (Aix sponsa) — паўночнаамерыканскі від, які ў Еўропе трымаюць не толькі ў заапарках, але і прыватныя калекцыянеры. Натуральным чынам, з Амерыкі, каралінкі даляталі пакуль толькі да Ісландыі. Усе іншыя сустрэчы з каралінкамі ў прыродзе ў розных краінах на нашым кантыненце лічацца назіраннямі збеглых з няволі асобін. Таму, згодна з катэгорыямі, якія прапанаваныя для ўсіх відаў птушак, адзначаных у Еўропе Асацыяцыяй еўрапейcкіх авіфаўністычных камісій па рэдкасцях (AERC), у якую ўваходзіць і Беларуская арніта-фаўністычная камісія (БАФК), качкі-каралінкі па-за Ісландыяй не ўваходзяць у асноўны Спіс відаў, які арнітолагі вядуць для кожнай краіны. Да гэтай катэгорыі належаць чужародныя віды, якія паходзяць з няволі, а таксама выпадкова прывезеныя ці інтрадукаваныя спецыяльна, якія пакуль не ўтварылі самастойных папуляцый на нашым кантыненце, як, напрыклад, канадская казарка.
Зараз праз памежныя пераходы ў Медынінкай (з беларускага боку Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі) можна…
У Гродне на продаж выставілі начны клуб "Калізей 2000". Ён прадаецца як гатовы бізнес. Паглядзелі,…
Прадаюць камерцыйнае памяшканне ў падвале будынка на вул. Савецкіх Пагранічнікаў, 17. Там дызайнерскі рамонт у…
У Гродне з аўкцыёну прадаюць памяшканне афтальмалагічнага цэнтра "Новое зрение" на вул. Леніна, 13-3. У…
Чарачная “са смакам дзяцінства” DEHDИ адкрылася ў Гродне на вул. 1-й Працоўнай, 8. Уладальнікі абяцаюць,…
У Гродне на Лідскай, 15А адкрыўся "пакой лютасці". Ва ўстанове пад назвай «Дебошь» можна скінуць…