У Гродне бальніцы выходзяць з рэжыму працы з каронавірусам. Раней перапрафіляваныя ўстановы вяртаюцца да звычайнага рэжыму працы пасля дэзынфекцыі. У Беларусі ж за суткі пацвердзілі, паводле Мінздароўя, 1933 новых выпадкаў каронавіруса.
У рэгіёне ўжо сем стацыянараў працуюць у звычайным рэжыме, паведаміла тэлерадыёкампанія «Гродна». З 12 студзеня ў Гродне да штатнай працы вярнулася Гродзенская ўніверсітэцкая клініка (былая абласная бальніца). Да гэтага там увялі абмежаванні і на прыём дактароў-спецыялістаў, нават на платнай аснове, і на правядзенне кампутарнай тамаграфіі. Перапрафіляваныя аддзяленні вярнуліся ў звычайны рэжым функцыянавання.
З рэжыму працы з COVID-19 выйшаў скурна-венералагічны дыспансер. Там перапрафіляваныя да звычайнай працы 80 ложка-месцаў.
Наступнай установай, якая спыніць адмысловую працу з хворымі на каронавірус, стане Гродзенская клінічная бальніца № 3.
Тэндэнцыю па зніжэнні колькасці захворвання адзначаюць цягам двух апошніх месяцаў, паведамілі ў абласным упраўленні аховы здароўя. Пасля навагодніх святаў усплёску захворвання не адбылося, але расслабляцца ці ігнараваць каронавірус усё адно нельга, перакананая Людміла Кеда, начальніца галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама. З сярэдзіны лютага лекары чакаюць у рэгіёне з’яўленне сезонных захворванняў, у тым ліку грыпу.
Тым часам другая хваля каронавірусу ў Беларусі не скончылася.
З пачатку пандэміі ў Беларусі зарэгістраваныя 223 537 чалавека з станоўчым тэстам на COVID-19. З іх за апошнія суткі - 1933, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Ачунялі 206 676 пацыентаў (2176 за апошнія суткі), у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19. За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі ў Беларусі памерлі 1573 пацыенты з пацверджаным каранавірусам (9 памерлі за апошнія суткі).
Па прагнозах Міністэрства аховы здароўя, да сярэдзіны — канца лютага будзе падзенне ўзроўню захворвання каронавірусам, а затым, магчыма, невялікі рост, звязаны з прыходам звычайных эпідэмічных захворванняў, у прыватнасці грыпу. Аднак, па дадзеных міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, «з каранавірусам мы будзем жыць з высокай інтэнсіўнасцю да канца вясны».
Чытайце таксама: У Гродзенскай вобласці пачалі рыхтавацца да вакцынацыі. Найперш — «Спутнік V»