Мікрараёны Вішнявец, Фарты і Дзевятоўка 12 студзеня збіраліся прайсці маршам у памяць аб Рамане Бандарэнка – споўнілася два месяцы з дня яго смерці. Падчас маршу затрымалі сем чалавек. Версіі відавочцаў і міліцыі аб тым, што здарылася, адрозніваюцца.

Наперадзе калоны ішлі хлопец з дзяўчынай. Яны заўважылі сярод людзей знаёмых АМАПаўцаў у цывільным. Хлопец адправіўся папярэдзіць людзей пра гэта, тыя пачалі пакідаць калону. “Тады АМАПаўцы зразумелі, што пасткі не атрымалася, і пачалі хапаць выпадковых прысутных», — распавёў гродзенец Hrodna.life.

Мяркуючы па каналах у Telegram, гэта адбывалася ў перыяд 19.30-19.50. Сабралася на марш ад 50 да 100 чалавек. “Відавочцы перадаюць, што сярод ціхароў заўважылі жанчыну”, — напісалі ўвечары 12 студзеня чытачы Hrodna.life.

УУС: “Працуем, браты!”

Міліцыя прадставіла сітуацыю па іншаму.

“Як толькі ўчора ўвечары невялікая група з сямі чалавек з незарэгістраванай сімволікай пачала збірацца, паблізу пачулася каманда “Працуем, браты!”. У выніку затрымана і дастаўлена ў РАУС сем удзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства”, – распавёў Яўген Дудко, начальнік прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Міліцыя таксама паведаміла, што дзякуючы АМАП маршы не адбыліся ў мікрараёнах Фарты і Дзевятоўка.

Калі затрыманых будуць судзіць, пакуль невядома

У дачыненні да семярых гродзенцаў пачалі адміністрацыйны працэс. Ноч яны правялі ў ізалятары часовага ўтрымання.

Як паведамілі блізкім затрыманых у Кастрычніцкім РАУС, выязных судовых пасяджэнняў у бліжэйшыя два дні не плануецца. Сярод затрыманых – сямейная пара. Іх дачка засталася з бабуляй.