Міжнародныя рэзервовыя актывы Рэспублікі Беларусь на 1 студзеня 2021 года, паводле папярэдніх дадзеных, склалі $ 7 468,5 млн (у эквіваленце). Згодна з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2021 года павінен быў скласці не менш як $ 7,3 млрд, паведамляе прэс-служба Нацбанка.
За снежань золатавалютныя рэзервы выраслі на $ 92,1 млн. (на 1,2%) пасля зніжэння ў лістападзе на $ 109,2 млн. (на 1,5%).
У цэлым па выніках 2020 года міжнародныя рэзервовыя актывы скараціліся на $ 1,9 млрд. (на 20,5%).
Зніжэнне ўзроўню золатавалютных рэзерваў у 2020 годзе ў асноўным звязана з планавым пагашэннем знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля $ 3, 9 млрд, у тым ліку ў снежні - $ 227 млн, удакладняе Нацбанк. Таксама падзенне тлумачаць продажам Нацыянальным банкам замежнай валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы.
Падтрыманню ўзроўню золатавалютных рэзерваў у мінулым годзе спрыялі паступленне ад размяшчэння Міністэрствам фінансаў на знешнім і ўнутраным рынках аблігацый у замежнай валюце, знешнія дзяржаўныя пазыкі і іншыя паступленні замежнай валюты ў бюджэт, а таксама рост кошту манетарнага золата.
У адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2021 год аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2022 года з улікам пагашэння ўнутраных і знешніх абавязацельстваў у валюце павінен скласці не менш як $ 6,0 млрд.
Чытайце таксама: Адключэнні інтэрнэту пасля выбараў абышліся беларусам у $ 336,4 млн