На Новы год Савецкую плошчу зноў абгародзяць і зладзяць кантрольна-прапускныя пункты. На свята не пусцяць са зброяй, на роварах, з бела-чырвона-белымі сцягамі і нечым, што можа «негатыўна паўплываць на мерапрыемства».
Зайсці на Савецкую і выйсці можна будзе праз турнікеты. Ля іх будуць праводзіць асабісты дагляд грамадзян, паведамілі у прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Удзельнікам мерапрыемства забаронена мець пры сабе:
- халодную, агнястрэльную, газавую або іншую зброю,
- выбуховыя рэчывы і боепрыпасы, іх імітацыю і муляжы,
- спецыяльна вырабленыя або прыстасаваныя прадметы, якія могуць прадстаўляць пагрозу жыццю і здароўю людзей ці прынесці матэрыяльную шкоду,
- спіртныя напоі,
- піратэхніку.
Не прапусцяць на свята людзей з хатнімі жывёламі, на роварах і ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення.
Таксама забаранілі прыносіць на плошчу і выкарыстоўваць бела-чырвона-белыя сцягі, экстрэмісцкую сімволіку і «іншыя прадметы, якія могуць аказаць негатыўны ўплыў на правядзенне мерапрыемства». Забарону патлумачылі палітычнай сітуацыяй у краіне.
Гродзенская міліцыя нагадала, што на свяце неабходна будзе захоўваць грамадскі парадак і выконваць «усе законныя патрабаванні» арганізатараў, міліцыі і людзей, якія ахоўваюць грамадскі парадак.