У цэнтры Гродна паставяць новую скульптуру. Каля будынка былога архіва на плошчы Тызенгаўза з’явіцца кампазіцыя «Лава архітэктараў». Праекта пакуль няма — горад абвясціў конкурс на дызайн скульптуры.
Скульптура будзе адзначаць пачатак шляху паміж двума прымежнымі гарадамі, Гроднам і польскай Сакулкай. Яе ўсталююць у рамках трансгранічнага праекта па развіццю турызму ў двух гарадах «Шляхам Тызенгаўза», стварэнні турыстычнага маршруту паміж імі і прасоўванні мясцовай культурна-гістарычнай спадчыны.
Гэта будзе сімвалічнае месца, прысвечанае архітэктарам і будаўнікам, важным для Гродна: Джузэпэ дэ Сака, Тызенгаўзу, Іагану Мезеру і нават Станіславу Аўгусту Панятоўскаму, тлумачыў ідэю скульптуры Сяргей Каляда, каардынатар праекта, раней.
«У архітэктуры ёсць паняцце „станіславоўскі перыяд“. Ён прывязаны да караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які актыўна ўмешваўся ў чарцяжы, уносіў свае заўвагі. Каб у Гродне паставіць Тызенгаўзу менавіта помнік, трэба прайсці шмат працэдур узгаднення, атрымаць дазвол прэзідэнта. Таму спыніліся на такім зборным вобразе».
Чытайце таксама: Самый счастливый транспорт для «Шляху Тызенгауза». Под Гродно открыли новый веломаршрут
Манументальна-дэкаратыўная скульптура будзе ў выглядзе лавы з дзвюма фігурамі герояў эпохі гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза (1765−1780-я гг.). Яе ўсталююць на тэрыторыі, прылеглай да будынка № 2 на плошчы Тызенгаўза. Сродкі на новую гарадскую скульптуру вылучаць за кошт праекта «Шляхам Тызенгаўза».
Конкурс ладзіць гродзенскае абласное аддзяленне ГА «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз». Умовы можна знайсці на сайце Гродзенскага гарвыканкама.
Крайні тэрмін падачы конкурных работ і неабходных дакументаў - 12 студзеня 2021 года да 15.00. Прымаюць іх па адрасе вул. Ажэшкі, 38, адказная асоба — Сяргей Каляда (+375 29 650 20 73). Праца на конкурс павінна ўключаць у сябе праект «Лавы архітэктараў» у маштабе 1:10 у мяккай форме з любога матэрыялу і фотамантаж з прывязкай скульптуры да добраўпарадкаванай тэрыторыі будынка.
У рамках праекта «Шляхам Тызенгаўза» ўжо стварылі новы міжнародны веламаршрут паміж Гродна і Сакулкой. Многія гістарычныя будынкі ў Гродне і Сакулцы — след дзейнасці Антонія Тызенгаўза. Сярод іх і былы архіў на плошчы Тызенгаўза, які аднаўляецца ў рамках праекта. У Саколцы рэканструююць будынак на Пілсудскага, 1. Побач таксама паставяць помнік Тызенгаўзу.
Чытайце таксама: