Спыніўся страйк і вырасьлі заробкі. Што адбываецца на «Гродна Азот»

Некалькі дзясяткаў работнікаў звольнілі, на працу ўзялі стажораў і штрэйкбрэхераў, падвысілі заробкі тым, хто застаўся. Што адбываецца на хімічным гіганце празь месяц пасьля народнага ўльтыматуму, расказвае С**бода.

Што адбылося месяц таму?

26 кастрычніка частка работнікаў «Гродна Азот» падтрымала нацыянальную забастоўку. А 7-й гадзіне на прахадной прадпрыемства сабраліся каля 150 чалавек (зьмена на заводзе пачынаецца ў 8:00). Прыехалі аўтобусы зь сілавікамі ў рыштунку і брутальна затрымалі, паводле афіцыйнай вэрсіі, 32 чалавекі. Празь некалькі гадзін усіх выпусьцілі.

АМАП ранкам 26 кастрычніка каля «Гродна Азот».
Каля 150 чалавек прыйшлі на прахадную «Гродна Азот» ранкам 26 кастрычніка.

Цягам дня дзясяткі азотаўцаў заставаліся на прахадной і адмаўляліся пераймаць зьмену. Самым пратэставымі аказаліся цэхі «Аміяк-3», «Карбамід-4», АКіКАС.

Калі б усе чатыры зьмены (кожная па 12 гадзін) адмовіліся прыступаць да працы, кіраўніцтва было б вымушана пакрысе спыніць вытворчасьць. У выніку зьмены працавалі ня ў поўным складзе, некаторыя заставаліся на 36 гадзін запар, на працу запрашалі былых работнікаў, пэнсіянэраў, спэцыялістаў зь іншых хімічных прадпрыемстваў. Частку страйкоўцаў звольнілі «за прагулы», кагосьці пасадзілі за мітынгі. Завод не спыніўся.

Узялі штрэйкбрэхераў, стажораў, падвысілі заробкі

Усяго да страйку адкрыта далучыліся 34 азотаўцы, па інфармацыі лідэра страйкаму «Азоту» Юрыя Рававога. Каля 30 чалавек звольнілі, некаторых потым аднавілі на працы. Страйкі на прадпрыемстве сьціхлі, усе цэхі працуюць.

Як ананімна расказаў адзін з былых азотаўцаў-страйкоўцаў, цяпер у зьменах па-ранейшаму не хапае людзей. Даволі шмат людзей на бальнічных, у тым ліку з каранавірусам.

Да «Азоту» даехалі каля 30 штрэйкбрэхераў з Гомельскага хімічнага заводу і «Нафтану». Яны знаходзяцца ў важных цэхах, аднак іх «не пускаюць далей за мятлу», яны чытаюць інструкцыі і дакумэнты. Іх не дапускаюць да самых адказных работ, у тым ліку да цэнтральнай панэлі кіраваньня. Мала хто са сталых работнікаў хоча іх вучыць.

Цэхі на на «Гродна Азот».

Наяўнасьць штрэйкбрэхераў, на думку азотаўцаў, не ратуе вытворчасьць, але стварае ўражаньне, нібыта на заводзе ўсё спакойна, няма недахопу кадраў. На «Азот» узялі таксама маладых стажораў, але стаўленьне да іх такое ж, як да штрэйкбрэхераў.

«Усе разумеюць, на чыё месца яны прыйшлі», — тлумачыць былы супрацоўнік.

На заводзе ходзяць чуткі, што самыя пратэставыя цэхі з часам «зачысьцяць» — звольняць яшчэ больш людзей.

Юры Рававы кажа, што самі азотаўцы працягваюць выходзіць на дадатковыя зьмены. Калі раней у месяц яны працавалі па 160−180 гадзін, то цяпер некаторыя — па 230−250.

«Яны атрымліваюць прыкладна па 100 рублёў за „не сваю“ зьмену. Калі раней заробкі выходзілі ад 1500−1600 рублёў, то цяпер — ад 2500. Столькі ж атрымліваюць і штрэйкбрэхеры, якія нічога ня робяць», — ананімна кажа былы азотавец, які падтрымлівае сувязь з калегамі і ведае пра сытуацыю на заводзе.

Ён з жалем кажа, што былыя паплечнікі іх «падставілі». Перад ультыматумам яны абмяркоўвалі, што разам масава далучацца да страйку. Аднак потым некаторыя адступіліся.

«Некаторыя ўжо нават сьмяюцца з тых, хто звольніўся, маўляў, дурненькія. Дваццаць апаратчыкаў напісалі заявы на страйк, але нікуды іх так і не аддалі», — абураецца суразмоўца.

На ягоную думку, калі б 20 апаратчыкаў або нават сьлесараў пайшлі ў страйк у адным цэху, іх бы ня здолелі хутка замяніць, гэта б перашкодзіла працы прадпрыемства.

На заводзе працуе чалавек з КДБ, адзін азотавец сядзіць

Па словах былых супрацонікаў, на «Азоце» ўвялі новую пасаду адказнага адначасова за кадры і бясьпеку на прадпрыемстве, хоць служба бясьпекі працавала на заводзе і раней. Пасаду займае дзейны супрацоўнік КДБ.

«Заводам цяпер кіруе не генэральны дырэктар, не намесьнік, а гэты чалавек», — перакананыя азотаўцы.

Вытворчасьць на ААТ «Гродна Азот».

Цяпер азотаўцы актыўна ўступаюць у незалежны прафсаюз, там ужо больш за 400 чалавек. За апошні месяц іхная колькасьць вырасла ў некалькі разоў.

За кратамі цяпер прынамсі адзін былы азотавец, Аляксандар Жук. Яго асудзілі за ўдзел у двух мітынгах на 30 сутак. Яшчэ адзін былы азотавец ужо адбыў адміністрацыйны арышт пасьля 26 кастрычніка і выйшаў на волю. Некаторых шукаюць, каб «запрасіць на гутарку ў міліцыю».

ААТ «Гродна Азот», дзе 26 кастрычніка быў самы маштабны страйк у Беларусі.
Падзяліцца

Апошнія запісы

Два падлеткі са Слоніма атрымалі крымінальную справу — за што?

Два хлопцы са Слоніма, узростам 14 і 15 гадоў, атрымалі крымінальны артыкул за хуліганства, здзейсненае…

19 верасня 2024

Стала вядома, колькі будзе каштаваць кватэра ў новым мікрараёне «Вясенні»

Дом у раёне вуліц Каліноўскага і Вясенняй, які пачалі будаваць у пачатку верасня, плануюць здаць…

19 верасня 2024

Гродзенцы абурыліся з-за платнай паркоўкі ля адной з новабудоўляў - $ 2000 за месца

Канфлікт разгарнуўся вакол паркоўкі ў новым доме на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў. Гродзенцы абураны тым, што…

19 верасня 2024

Пад Гроднам прадаюць гатовы бізнес па вырошчванні дурніц

Фермерская гаспадарка знаходзіцца ў вёсцы Пальніца, што ў 23 кіламетрах ад Гродна. Гаспадарка дзейнічае —…

19 верасня 2024

У Швейцарскай даліне з’явілася новая сцежка. Куды яна вядзе?

На ўчастку ад вуліцы Мітрапаліта Філарэта да прыпынку «Цэнтр занятасці» на вуліцы Дзяржынскага амаль скончылі…

18 верасня 2024

Прадзюсарскі цэнтр, які няўдала судзіўся з Бондаравай, абскардзіў рашэнне суда (абноўлена)

ТАА "Флагман М'юзік" не пагадзілася з адмовай у іску аб абароне дзелавой рэпутацыі да актывісткі…

18 верасня 2024