19 кастрычніка ў сеціве з’явілася фота дакумента, згодна з якім у адным з кафэ Гродна з 20 жніўня дырэктар забараніў выконваць у караоке “Перемен” Віктара Цоя і “выкрыкваць лозунгі з палітычным падтэкстам”. Раней падобных забаронаў у клубе не было.
З 20 жніўня ў кафэ-клубе “Чемпи” забаранілі выконваць папулярную цяпер песню Віктара Цоя “Перемен” і песні са “схаваным палітычным падтэкстам”. Ацэньваць наяўнасць падтэкста мусіць адміністратар. Таксама нельга падчас выканання выкрыкваць лозунгі “з палітычным падтэкстам” – у такім выпадку песню будуць спыняць. Ну а калі лозунгі пачнуць выкрыкваць усе госці і не будуць супакойвацца – кіраўнічка прапанавала звяртацца па дапамогу да праваахоўнікаў.
“Мы не будзем каментаваць гэтую сітуацыю, усяго добрага”, – сказала дырэктар Наталля Забашная адразу ж, як толькі карэспандэнт Hrodna.life назваў сябе, без аніякага пытання. Каментар кіраўніцтва атрымаць так і не ўдалося.

Чытайце таксама: Солидарность по-гродненски. Как люди поддержали кондитерскую, где отказались печь торт «в поддержку ОМОНа»
Былая супрацоўніца кафэ-клуба “Чемпи” Вераніка пацвердзіла, што подпісы на дакуменце – рэальных супрацоўнікаў. Па яе словах, раней падобных катэгарычных забаронаў ва ўстанове не было. Быў “спецыяльная кошт” для шансону: “Каб не прыходзілі розныя хлопцы і не спявалі цэлы вечар шансон, асабліва калі ў іх ёсць грошы”. Свая цана была на выкананне песні па-за чаргой. Гэтыя правілы былі ў адкрытым доступе. Каб праспяваць песню, трэба загадзя купіць жэтон. Па словах супрацоўніцы, звычайна іх можна вярнуць.



