Вольгу Вялічка, дырэктарку гродзенскага дзіцячага хоспіса, затрымалі ўвечары 15 кастрычніка падчас дабрачыннай сустрэчы з жыхарамі Альшанкі. Як высветлілася пазней — за ўдзел у акцыі пратэсту 6 верасня. Ноч і паўдня Вольга правяла ў ІЧУ. 16 кастрычніка адбыўся суд, дзе яе прызналі вінаватай і аштрафавалі на 405 рублёў. Пратаколу затрыманьня не было, а пратакол аб парушэнні склалі без удзелу Вольгі Вялічкі.
Пасяджэнне адбылося ў 16.20, хоць яго чакалі яшчэ ранкам. Сведкам выступаў супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС. Вольгу ён запомніў, калі яна падыходзіла да міліцыянтаў разам з іншымі жанчынамі, ужо пасля сутыкненняў людзей з АМАПам. Яе дзеянні на акцыі ён апісаў як «падышла», а ўдзелам назваў знаходжанне ў канкрэтны час у канкрэтным месцы.
Вольгу Вялічку абвінавачвалі ў тым, што на акцыі яна была з двума плакатамі «АМАП, спыніся». На пасяджэнні прадэманстравалі відэазапіс. На ім было бачна, як АМАП жорстка затрымліваў людзей, крычалі жанчыны. Сярод удзельнікаў была жанчына з двума плакатамі, у цёмных акулярах.
Чытайце таксама: «Диалог» с властью: как гродненским активистам рассказали про «философию неудачника«
Пратаколу затрымання няма
Адвокатка затрыманай адзначыла, што дакладна невядома, з якога менавіта мітынгу гэта відэа: у Гродне былі і дазволеныя. Таксама ў справе адсутнічаў пратакол затрымання, гэта пацвердзіў і сам суддзя Дзмітрый Кедаль. Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні склалі без удзелу Вольгі. Яна адмовілася яго чытаць і падпісваць без адваката, але яго не сталі чакаць. Адвакатка прапанавала спыніць справу па артыкуле 9.6 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (Абставіны, якія выключаюць адміністрацыйны працэс).
Суддзя вынес прысуд, прызнаўшы Вольгу Вялічку вінаватай па частцы 1 артыкула 23.34 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Ён прысудзіў ёй штраф у 15 базавых велічынь (405 рублёў). Сама Вольга пасля адзначыла, што гэта больш за палову яе месячнай зарплаты. Ці будзе яна абскарджваць рашэнне, яна яшчэ не вырашыла.
У Вольгі двое дзяцей, 9 і 14 гадоў. Муж Вольгі, Сяргей Вялічка, расказаў, што паводле інфармацыі адваката, на яго таксама падрыхтавана адміністрацыйная справа.
Затрымалі на дабрачынным мерапрыемстве
Вольгу затрымалі на дабрачынным мерапрыемстве хоспіса на вачах у жыхароў Альшанкі. На сустрэчы было каля 50 чалавек. Яна распавядала ім аб працы хоспіса і пра тое, як можна дапамагчы цяжкахворым дзецям. Для такіх мерапрыемстваў не патрэбны дазвол гарвыканкама, усе неабходныя дакументы былі з сабой.
Спачатку прыехала міліцыя і прапанавала ўсім разысціся, пасля з’явіўся АМАП. Вольгу затрымалі і адвезлі ў РАУС. У 21.36 яе змясцілі ў ІЧУ на вуліцы Гая. Толькі пазней ад адваката стала вядома, што яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 6 верасня на вуліцы Гарнавых.
Суда чакалі яшчэ раніцай, а 10. Знаёмыя, журналісты і родныя Вольгі прачакалі каля будынка Кастрычніцкага раённага суда больш за гадзіну. Падтрымаць яе прыйшло блізу 20 чалавек.
«Думала пра іншых затрыманых — а як яны»
Ноч і паўдня да суда Вольга правяла ў ізалятары. За гэты час яна нічога не ела, а санітарныя нормы пазней назвала жудаснымі.
«Гэта было больш-менш прымальна, мяне ніхто не біў, не абражаў, — удакладніла яна. — Калі казаць пра змены, якія павінны адбыцца — павінны гаварыць аб зменах у пенітэнцыярнай сістэме, утрыманні людзей. Ежа — невыносная. Я цэлую ноч не спала, і думала пра Марыю Калеснікаву і іншых незаконна затрыманых людзей — а як яны? Думала пра Ларысу Геніюш — якім чынам яна вытрымала?».
Сваё затрыманне Вольга звязала з тым, што адкрыта выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю. «Нам гэта дазволена Канстытуцыяй. Гэта нармальна — мець розныя пункты гледжання. Ненармальна, калі ў хоспіса застаюцца грошы на адміністрацыйныя выдаткі на два месяцы. Ненармальна, калі я праводжу дабрачыннае мерапрыемства, каб сабраць грошы. Трэба, каб улада размежавала, і не рабіла забароны на ўсе мерапрыемствы, якія ёсць, бо сярод іх ёсць і крытычна важныя, напрыклад, для хоспіса».