У сярэдзіне верасня Лукашэнка заявіў аб «закрыцці мяжы» з захаду, што азначала ахову мяжы ва ўзмоцненым варыянце. Аднак для многіх перавозчыкаў паняцце «закрытая краіна» набывае цалкам літаральнае значэнне. Са слоў аднаго з бізнэсоўцаў, праз поўныя дагляды польскіх і літоўскіх фур губляецца столькі грошай, што прасцей ехаць у аб’езд Беларусі, піша Onliner.by.
«У гэтыя дні грузавікі з Польшчы і Літвы на мяжы з Беларуссю мытнікі адпраўляюць на поўны дэталёвы дагляд, — распавёў Onliner Раман, прадстаўнік адной з фірмаў-рэзідэнтаў РБ. — З гэтай практыкай мы сутыкнуліся ўчора, нашы кіроўцы стаяць на мяжы ў чаканні надгляду ўжо суткі. Пры гэтым фуры з Германіі ці Чэхіі праязджаюць свабодна, іх прапускаюць, як і раней. Для нас гэта немалыя страты, не лічачы штрафных санкцый за затрымку дастаўкі грузу. Справа ў тым, што сам дагляд таксама каштуе грошай: тавар трэба выгрузіць, загрузіць назад — за ўсё гэта патрабуюць плату. Бясспрэчна, мытня мае права патрабаваць даць груз для дагляду, аднак раней такой частай, калі не сказаць паўсюднай практыкі не было. Мы сур’ёзна задумваемся аб’язджаць краіну, як ужо зрабілі некаторыя іншыя кампаніі».
Тое, што Беларусь апошнім часам зрабіла больш жорсткімі патрабаванні да працы літоўскіх аўтаперавозчыкаў, канстатуе і прэзідэнт Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозак Linava. «Частка патоку грузаў перавозчыкі імкнуцца накіроўваць праз латвійска-расейскую мяжу, у аб’езд Беларусі, — распавялі прадстаўнікі ўпраўлення асацыяцыі ў інтэрв'ю Delfi. — Праца на мяжы стабілізавалася, аўтамабілі правяраюцца на мяжы і едуць далей, але на ўнутраную мытню іх ужо не накіроўваюць. Частка перавозчыкаў імкнецца накіроўваць грузавікі праз мяжу Латвіі і Расіі, у аб’езд Беларусі. Аднак у такім выпадку пачынаюцца заторы на мяжы паміж Латвіяй і Беларуссю». У той жа час, як піша выданне, начальнік аддзела прэвенцыі службы аховы дзяржмяжы Літвы Гедрус Мішуціс у чацвер заявіў, што сітуацыя на літоўска-беларускай мяжы цяпер звычайная.