У Гродне з’явiцца першы ў краіне Цэнтр рэстаўрацыi i  даследаванняў

Цэнтр рэстаўрацыi i  даследаванняў размесцiцца ў адным з гiстарычных будынкаў горада па вулiцы Акадэмiчнай. Калiсьці двухпавярховы асабняк належаў вядомаму гродзенскаму лекару, але за больш чым 100-гадовую гiсторыю прыйшоў у аварыйны стан. Хутка тут пачнецца рамонт. Рэстаўратары Гродзенскага гiсторыка-археалагiчнага музея ўжо асвойваюць будучую майстэрню. Праўда, умовы для працы не вельмi спрыяльныя, затое тут вельмi прасторна. Для кожнага — асобнае памяшканне. Можна зручна размясцiць i прылады для працы, i  самi прадметы. А  яны надзвычай цiкавыя, піша «Звязда».

Напрыклад, загадчыца аддзела даследавання i рэстаўрацыi Аляксандра Багалейша займаецца рэканструкцыяй старажытных iкон. I нядаўна падчас работы яна сутыкнулася з сапраўдным цудам. Iкона, якая трапiла на рэстаўрацыю, аказалася «з  сакрэтам».

— Гэтая iкона доўгi час захоўвалася ў сховiшчы i датуецца ХIХ стагоддзем. Але нiхто не ведаў, што пад верхнiм пластом знаходзiцца яшчэ адзiн спiс. Такiм чынам, iкона аказалася з двайным спiсам. Магчыма, што нiжнi спiс яшчэ больш старэйшы, — мяркуе Аляксандра.

У Гродне за грошы ЕС адкрыюць цэнтр рэстаўрацыі спадчыны

Яна расказала, што iкона трапiла на рэстаўрацыю для ўмацавання верхняга «залатога» пласта. Такая працэдура робiць фарбу больш трывалай. Калi спецыялiст стала праводзiць умацаванне, яна сутыкнулася з пэўнымi цяжкасцямi — паверхня не паддавалася нiякiм метадам. А  калi зняла верхнюю фарбу, раптам праступiла яшчэ адно, нiжняе пiсьмо. Тады рэстаўратарскi савет прыняў рашэнне перанесцi верхнi пласт на iншую аснову, для таго каб захаваць абедзве выявы. Нiжнi спiс нядрэнна захаваўся, праўда, ён цёмны, але добра чытаюцца аблiччы святых — у  цэнтры бачны Хрыстос, Божая Мацi, Мiкалай-цудатворац, iншыя святыя. Верхнi слой будзе сабраны на другой дошцы. Ён збiраецца як мазаiка — кожны кавалачак пераносiцца асобна.

— Для новай iконы быў выкарыстаны не вельмi добры грунт, таму пераносiць ранейшую выяву цяжка. Кожны пазл спачатку ачышчаю ад грунту. Затым размочваю, стоньшваю пакрыццё, сушу, перакладваю на другую дошку, — дэманструе Аляксандра даволi скрупулёзны працэс. — Спiс зроблены на аснове, якая iмiтуе золата. Зверху iкона пакрыта лакам.

Усяго ў фондах Гродзенскага гiсторыка-археалагiчнага музея захоўваецца больш за дзве тысячы iкон, кажа суразмоўнiца. Гэта даволi вялiкая калекцыя. Мiж тым, многiя паступiлi ў крытычным стане, таму патрабуюць рэстаўрацыi. Пасля аднаўленчых работ iконы вяртаюцца назад, у фонды, час ад часу выстаўляюцца ў экспазiцыi. Аляксандра паказвае стос драўляных iкон, якiя чакаюць свайго часу. Сярод iх ёсць трыпцiхi-раскладушкi. Адна з iкон расколатая.

Керамiкай займаецца Таццяна Багдановiч. Напрыклад, каб узнавiць збан цi iншы посуд, робiцца яго камп’ютарны праект, потым пластылiнавы, а затым керамiчны. Новы фрагмент спецыяльна адрознiваецца ад арыгiнала, каб захаваць яго аўтэнтычнасць. Некаторыя рэчы набываюць патрэбную форму з невялiкага чарапка. Такiм чынам мы можам атрымаць уяўленне, як выглядаў гэты посуд у старажытнасцi. Напрыклад, зараз на стале керамiсткi нямала рэчаў, якiя атрымалi другое жыццё i хутка трапяць у вiтрыны музея.

Iван Кiрыковiч займаецца рэстаўрацыяй археалагiчных знаходак. Нядаўна яму трапiла накладка на кнiгу ХIII стагоддзя з херувiмам. Такiя знаходкi трэба пачысцiць ад iржы i пакрыць палiмернай смалой, каб яны не развалiлiся. Гэта тонкая работа, карпатлiвая.

Вядома, тут чакаюць новае абсталяванне для работы. А гэта — мiкраскопы, лямпы, камп’ютары, сталы. Будзе набыта i спецыяльнае абсталяванне, у прыватнасцi, фумiгацыйная вакуумная камера для абеззаражвання прадметаў з паперы, дрэва, якiя знойдзены падчас раскопак. Гэтыя рэчы загружаюцца ў камеру, выбiраецца спецыяльны рэжым, i прадмет ачышчаецца ад грыбка, адбываецца яго кансервацыя i вымарожванне. Такая апрацоўка асаблiва патрэбная скураным вырабам, заўважае Iван Кiрыковiч. Зараз ён працуе з прадметамi, якiя знойдзены падчас раскопак на тэрыторыi Старога замка. Тут хутка адкрыецца экспазiцыя артэфактаў, куды трапяць i рэчы ад рэстаўратараў. У прыватнасцi, вялiкi старажытны куфар, механiзм якога быў адноўлены i будзе бачны.

— Тэрыторыя Старога замка — найбольш старажытнае паселiшча горада, тут знойдзена нямала артэфактаў, якiя мы хочам захаваць, — расказала галоўны захавальнiк фондаў Гродзенскага гiсторыка-археалагiчнага музея Алена Жарына. — Калi мы ўсе прадметы адрэстаўруем, тады зробiм спiс, створым агульную базу даных, якая будзе даступна на сайце. А  фонды ў нас вельмi багатыя — больш за 200 тысяч цiкавых i каштоўных прадметаў, многiя з iх патрабуюць рэстаўрацыi на спецыяльным абсталяваннi.

Каб захаваць гiстарычную i культурную спадчыну, у  Гродне будзе створаны адзiны ў краіне Цэнтр рэстаўрацыi. I будынак пад яго знайшлi адпаведны — прыгожы гiстарычны асабняк канца ХIХ стагоддзя. Па  словах новых уладальнiкаў, раней дом належаў вядомаму ў Гродне лекару. Потым тут месцiлiся розныя ўстановы. Ад  былой велiчы амаль нiчога не  захавалася, акрамя печы з  надзвычай прыгожай кафлi. У  хуткiм часе тут пачнецца маштабная мадэрнiзацыя. Затым закупка абсталявання — ад  мэблi i камп’ютараў да спецыяльных прыбораў i ўстановак. На гэта выдаткавана 550 тысяч еўра.

— Гэтыя сродкi паступяць у рамках трансгранiчнага праекта. Партнёрам з’яўляецца Падляскi музей у польскiм Беластоку. З  праблемай рэстаўрацыйных цэнтраў сутыкнулiся абодва бакi, таму i вырашылi падаць сумесную заяўку, — паведамiла Алена Жарына. — Такiм чынам быў распрацаваны вялiкi iнфраструктурны праект, падчас якога будуць створаны фiлiялы нашых музеяў, а па сутнасцi — паўнавартасныя цэнтры рэстаўрацыi, даследаванняў i захавання помнiкаў.

Па словах суразмоўнiцы, большасць абсталявання ў Беларусi не робiцца, як, напрыклад, ваккумны стол для рэстаўрацыi, кансервацыi прадметаў жывапiсу, графiкi, са скуры, тканiны. Яго можна закупiць толькi за мяжой. Таму пошукi будуць весцiся сумесна з польскiмi партнёрамi.

У Беларусi на сённяшнi дзень няма такiх цэнтраў. Таму спецыялiсты задаволены праектам, хоць прыйшлося прайсцi даволi доўгi працэс падрыхтоўкi i ўзгадненняў. Плануецца рабiць сумесныя экспазiцыi тых артэфактаў, якiя прайшлi рэстаўрацыю ў Гродне i ў Беластоку. Вядома, цэнтр будзе дапамагаць i iншым музеям рэгiёна. Штат рэстаўратараў амаль укамплектаваны, не  хапае толькi таксiдэрмiста.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Паміж могілкамі і «Гродна Азот» пабудуюць гандлёва-выставачны цэнтр

На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…

22 лістапада 2024

Google абнавіў спадарожнікавыя здымкі Гродна. Ацэніце маштабы гарадскіх будоўляў

Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…

22 лістапада 2024

«Штосьці з фільмаў жахаў». Топ-3 месцаў у Гродне, якія гараджане абыходзяць за вярсту

Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…

22 лістапада 2024

Нерухомасць тыдня: насупраць Triniti прадаюць кватэру ў мінімалістычным стылі з элементамі скандынаўскага дызайну

Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…

22 лістапада 2024

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024