Усе спектаклі ў гродзенскім драмтэатры адмененыя на тыдзень наперад, акцёраў звальняюць і пазбаўляюць прэмій. Яны вырашылі паказаць фрагменты адмененага спектакля бясплатна, а іх палохаюць крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасцю. Hrodna.life пагаварыў з акцёрам Ігарам Улановым і іншымі работнікамі тэатра.
Акцёры Гродзенскага драматычнага тэатра анансавалі творчую сустрэчу «Брэдбэры і акцёры» 26 верасня ва ўнутраным дворыку на Кірава, 3. Яны пакажуць фрагменты спектакля «451 па Фарэнгейту», які ў тэатры адмянілі 25 верасня. Галоўную ролю ў пастаноўцы грае звольнены акцёр Ігар Уланаў. Сустрэча з гледачамі ў суботу запланавана на 16:00, уваход на яе вольны. Артысты кажуць, што гатовыя выступіць бясплатна, бо спектакль зараз надта актуальны.
У адказ у Тelegram-канале, які вядзе Упраўленне культуры гродзенскага аблвыканкама, з’явіліся пагрозы ў адрас акцёраў — іх палохаюць адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасцю.
Раней начальнік Упраўлення культуры аблвыканкама Алена Клімовіч назвала адмову граць спектакль спробай адцягнуць увагу ад малой наведвальнасці тэатра. «Да вялікі жаль, складваецца ўражанне, што некаторыя творчыя работнікі спробай ператварыць сцэну тэатра ў палітычную арэну на самай справе хочуць адцягнуць увагу ад нежадання або немагчымасці вырашаць свае прафесійныя задачы, а менавіта ставіць спектаклі, граць у іх так, каб у зале заўсёды быў аншлаг», — сказала яна «Гродненской правде».
«Сёння раніцай дырэктар тэатра выклікаў да сабе заслужанага артыста Беларусі Сяргея Курыленка, актрысу Наталлю Лявонаву, Васіля Мініча і мяне. Курыленка і хлопцаў пазбавілі ўсіх даплат, дакументы ёсць, а мяне дырэктар звольніў», — распавёў Hrodna.life Ігар Уланаў, адзін з вядучых акцёраў тэатра. 22 верасня стала вядома аб звальненні «па дамове бакоў» актрысы Лізаветы Мілінцэвіч. Яна таксама ўдзельнічала ў спектаклі 20 верасня, які быў перапынены з-за затрымання двух акцёраў. Іншую акторку, Марыю Бутрымовіч, пазбавілі 70% зарплаты са жніўня па лістапад 2020 года за тое, што ў сярэдзіне жніўня яна адмовілася граць у камедыі з-за сітуацыі ў краіне. Акцёраў Васіля Мініча і Наталлю Лявонаву пазбавілі прэмій і даплат, ім вынесеныя вымовы.
Затрыманне калегаў, праз якое акцёры спынілі спектакль, яны і цяпер называюць «страшнай падзеяй».
«Немагчыма працягваць далей займацца любімай справай, калі ведаеш, што тваіх блізкіх людзей неапазнаныя людзі некуды забралі і невядома, што з імі робяць», — у які раз тлумачыць Уланаў. «Мы хацелі проста ісці да іх на дапамогу», — дадае Васіль Мініч. Адміністрацыя не ўбачыла важкай прычыны для прыпынення спектакля і ўспрыняла гэта як беспадстаўнае спыненне працы. Пачаўся ціск на акцёраў.
Чытайце таксама: Дырэктар драмтэатра ў Гродне пракаментаваў спыненне спектакля пасля затрымання акцёраў
Дакументы аб звальненьні Ігар Уланаў пакуль не атрымаў, усё толькі вусна. Але спектаклі з яго ўдзелам ужо адмененыя. Ён грае практычна ва ўсіх пастаноўках тэатра.
У пятніцу, 25 верасня, стала вядома, што з гэтага дня тэатр тэрмінова пераводзяць у рэжым рэпетыцый — закрываюць на каранцін у сувязі з прафілактыкай каранавіруса. Яшчэ апоўдні акцёры не ведалі, як доўга працягнецца закрыццё. Пазней высветлілася, што ўсе спектаклі адмененыя да 3 кастрычніка — на тыдзень. Набытыя квіткі можна вярнуць, парадак працэдуры адміністрацыя апублікавала у сацыяльных сетках. Ігар Уланаў кажа, што прыпыненне паказаў у тэатры для акцёраў - вялікі боль.
«Мы дакладна ведалі, што сёння і заўтра будзе вялікая колькасць гледачоў у нашай зале — у касе няма практычна ніводнаго квітка. Мы радаваліся, што ўпершыню за паўгода ў нашай зале будзе глядач і тэатр зноў будзе дыхаць, — распавёў Hrodna.life Уланаў. — Але адміністрацыя вырашыла, што калі ў зале адзін чалавек, трэба граць абавязкова, а калі няма вольнага месца — спектаклі не варта граць ні ў якім выпадку».
Афіцыйную прычыну — нібыта эпідсітуацыю — акцёр лічыць абсурднай: «Гэта выклікае бездапаможную ўсмешку. У той час, як краіна даўно ўжо з гэтым справілася, гродзенскі драмтэатр зноў захварэў. Вядома, гэта ўсё хлусня».
Менавіта Ігар Уланаў агучыў думку, што трэба спыніць спектакль, хоць рашэнне прымаў увесь калектыў, які граў ўвечары 20 верасня. Аб тым, што рабіць пасля звальнення, Ігар Уланаў не думаў. Кажа, не можа ўявіць сабе чагосьці іншага. «Гэта мая любімая справа. Мне здаецца, на сённяшні дзень гэта лепшае, што я ўмею рабіць. Гэта наш дом, гэта наш тэатр, мы будзем за яго змагацца ўсімі сіламі, якія ў нас ёсць. Мы любім нашу краіну. Нас спрабуюць адсюль выгнаць, мы паспрабуем гэтага не дапусціць».
Уланаў кажа, што тое, што адбываецца, — заканамерна. «На сённяшні дзень так атрымліваецца, што калі ў цябе ёсць сваё меркаванне, калі ты любіш сваю краіну, калі табе балюча за гэтую краіну — значыць, трэба зрабіць так, каб цябе не было».
Галоўны рэжысёр тэатра, Генадзь Мушперт, — на баку трупы. Дырэктар патрабаваў у яго знайсці акцёрскую замену Ігару Уланаву на будучыню, але той адмовіўся. Пра гэта Hrodna.life распавяла адна з акторак. «Наша гонар у тым, што калектыў разам, усе адзін аднаго падтрымліваюць, і акцёры, і ўсе дапаможныя службы, і сябры нашага тэатра. Мы вельмі ўдзячныя нашым гледачам і неабыякавым гарадзенцам за іх падтрымку».
Васіль Мініч, якога пакаралі фінансава, абураны тым, што ад спынення паказаў будуць пакутаваць і ўсе работнікі тэатра, не толькі акцёры. «Гледачы нясуць у касу грошы, і за гэтыя грошы і служачыя атрымліваюць зарплату», — тлумачыць ён.
«Сталічнае кіраўніцтва сваімі рукамі забіла душу Мінска — Купалаўскі тэатр. Цяпер гэта прыйшло да нас. Усё, заўсёды ведалі, што тэатр — гэта душа таго месца, дзе ён знаходзіцца».
«Цяпер кіраўніцтва робіць так, каб у істоты пад назвай Гродна не было душы, каб ніхто не мог думаць, не мог ні аб чым гаварыць. Каб маглі толькі ўставаць, працаваць, і класціся спаць — да наступнай раніцы», — так акцёры бачаць тое, што адбываецца з іх тэатрам.
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…