Прышчапляць ад каранавіруснай інфэкцыі прэпаратам з Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі пачнуць «літаральна празь месяц». Пра гэта паведаміў у аўторак тэлеканал «Беларусь-24» са спасылкай на выканаўцу абавязкаў міністра аховы здароўя краіны Дзьмітрыя Піневіча, піша С**бода.
«Літаральна празь месяц беларусаў пачнуць прышчапляць расейскай вакцынай ад каранавірусу, пра гэта заявіў выканаўца абавязкаў міністра аховы здароўя Дзьмітры Піневіч», — паведамляе тэлеканал.
Раней па выніках перамоваў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы прэс-сакратар расейскага лідэра Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Пуцін даў даручэньні па падрыхтоўцы пастаўкі першай партыі расейскай вакцыны ад каранавірусу «Спутник V» у Беларусь.
На перамовах у Сочы ў панядзелак Пуцін паведаміў, што Беларусь пачала ўдзел у апошняй стадыі выпрабаваньняў расейскай вакцыны ад каранавірусу. На думку расейскага лідэра, гэта дазволіць ня толькі наладзіць вытворчасьць, але і забясьпечыць патрэбны ўзровень вакцынацыі.
У Расеі сьцьвярджаюць, што «вакцына» нібыта прайшла належныя выпрабаваньні. Але правяралі яе толькі на дзьвюх групах па 38 чалавек — фазы выпрабаваньняў на некалькіх тысячах чалавек, як прынята ў мэдыцыне, не было.
Нядаўна група італьянскіх мэдыкаў-дасьледнікаў усумнілася ў зьвестках аб клінічных выпрабаваньнях расейскай вакцыны ад каранавіруснай інфэкцыі, апублікаваных нядаўна ў часопісе Lancet.
Мэдыкі падкрэсьліваюць, што пададзеных зьвестак занадта мала, каб зрабіць якія-небудзь адназначныя высновы, аднак і наяўныя зьвесткі выклікаюць занепакоенасьць сваёй ненатуральнасьцю.
Раней кіраўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя перасьцерагаў, што, нягледзячы на ўсе надзеі на стварэньне вакцыны ад COVID-19, яна, магчыма, так ніколі і ня зьявіцца. Тэдрас Гебрэесус зьвярнуўся да ўсіх жыхароў плянэты з настойлівым заклікам выконваць усе неабходныя захады засьцярогі, такія, як сацыяльнае дыстанцыяваньне, рэгулярнае мыцьцё рук і нашэньне масак.