У 14.00 у цэнтры Гродна быў запланаваны чарговы марш нязгодных з дзеяннямі ўладаў гараджан. Людзі збіраліся ў шасці кропках горада, каб дайсці на Савецкую плошчу асобнымі групамі. Сілавікі блакавалі дарогі і разбівалі натоўп, але людзі ўсё ж сабраліся ў цэнтры і пайшлі ў бок Вішняўца. Там іх сустрэў АМАП, які ішоў з усіх бакоў. Адбыліся жорсткія затрыманні, пры якіх і мужчын, і жанчын душылі, цягнулі па асфальце і распылялі газ. Паведамлялі аб затрыманні непаўналетніх.
6 верасня прыкладна з 13.00 людзі пачалі збірацца калонамі ў розных частках горада, каб дайсці на Савецкую плошчу.
На вуліцы Гарнавых перакрылі ўезд на Стары мост. Некалькі сотняў чалавек сабраліся каля філармоніі. Натоўп пайшоў на Вішнявец, а пазней вярнуўся ў цэнтр. Відавочцы сцвярджалі, што на вуліцы Гарнавых на падыходзе да Старога мосце хтосьці выкарыстаў газ з балончыкаў.
Людзі ішлі ў счэпцы па Дзяржынскага. На скрыжаванні Дзяржынскага-Астроўскага іх пачалі хапаць. Некаторыя пабеглі на тэрыторыю дзіцячай бальніцы і пералезлі праз плот, каб схавацца на тэрыторыі.
Каля 14.30 людзі ўсё ж прыйшлі на Савецкую плошчу. Там іх атачыў АМАП, але затрыманняў не было. Гродзенцаў падтрымалі байкеры. На Савецкую прыехаў, а потым з’ехаў браніраваны пазадарожнік Dajiang. Раней Вадзім Сіняўскі, начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама, абяцаў на сустрэчы з супрацоўнікамі «Хімвалакно», што ваеннай тэхнікі на вуліцы горада больш не будзе.
Пасля таго, як заштараныя аўтобусы з АМАПам і аўтазакі паехалі ў бок філармоніі, дзе знаходзілася група людзей, пратэстоўцы выйшлі з цэнтра іх падтрымаць. Некалькі чалавек сталі на чырвоны сігнал святлафора ў ланцуг і чакалі, пакуль усе пройдуць.
У раёне «Брэста» з усіх бакоў на натоўп пачаў ісці АМАП. Людзі паспрабавалі самі акружыць сілавікоў, пачалася бойка. Натоўп разбегся, АМАП пайшоў у двары затрымліваць людзей. Паведамляюць аб дзясятках затрыманых. Дакладная колькасць затрыманых невядомая.
Адна з пратэстуючых распавяла Hrodna.life, што яе душылі і распылілі газ. Яна задыхалася. Відавочцы паведамлялі аб тым, што людзей затрымлівалі і фактычна цягнулі па асфальце. Вядома, што затрымалі двух студэнтаў ГрДу імя Янкі Купалы. Іх адпусцілі.
Каля 18.30 АМАП вярнуўся ў аўтобусы. Частка людзей засталіся на міні-рынку каля ўніверсама «Брэст» і скандавала «Жыве Беларусь». Да іх выйшла міліцыі і папярэдзіла аб незаконным сходзе. Людзі адказалі, што проста шпацыруюць. Каля 18.15 яны разышліся.