Пасля мітынгу 30 жніўня пра карыкатурыста Андрэя Янковіча даведаўся ўвесь Гродна. Яго пераўвасабленне ў «ненастаяшчага прэзідэнта» стала сенсацыяй дня. Затрымліваць мастака прыехалі два буса з АМАПам. На раніцу ён прачнуўся знакамітым, але — у камеры ізалятара часовага ўтрымання.
З Hrodna.life звязаўся адзін з сукамернікаў Андрэя, які выйшаў з ІЧУ на вуліцы Гая 2 верасня. Пасля размовы з ім мы знайшлі акаўнты Янковіча ў сацыяльных сетках. Эпіграфам да старонкі карыкатурыста стаяць словы «Я быў янотам да таго, як гэта стала мэйнстрымам». Дарэчы, «ненастаяшчага прэзідэнта» ён касплэіў яшчэ да выбараў. Тады фотаперформанс не сабраў і 10 лайкаў.
Хто ён, «ненастаяшчы прэзідэнт»?
Андрэю Янковічу 32 гады. Ён інжынер-канструктар і тэхнолаг, скончыў Гродзенскі тэхналагічны каледж, а пазней БНТУ. Апошнія гады працаваў на прадпрыемстве «Біякам». Як навыкі ў яго рэзюмэ адзначаны праектаванне, 3D-мадэляванне і аналіз дадзеных.
Акрамя інжынернай працы Андрэй малюе ілюстрацыі і карыкатуры, пастаянна супрацоўнічае з некалькімі беларускімі СМІ. Гродзенцы маглі бачыць яго малюнкі ў «Вячэрнім Гродне».
Хобі ў інжынера і карыкатурыста — бокс. Ён трэніруецца ў адным са спартыўных клубаў горада.
Міліцыянты прасілі зрабіць сэлфі з «Рыгорычам»
Былы сукамэрнік мастака распавёў, што на затрыманне Янковіча прыязджалі «два бусы з АМАПам», а ў кватэры, якую ён здымае, правялі ператрус.
Чытай яшчэ: УВД: 1 сентября в Гродно задержали 10 человек, из них двое ранее проходили по уголовным делам
Сярод персаналу ІЧУ Янковіч карыстаецца папулярнасцю. Міліцыянты прыходзілі на яго паглядзець, а некаторыя нават прасілі зрабіць сэлфі з «Рыгорычам».
Карыкатурыста былы сусед па камеры апісвае як «простага, спакойнага хлопца з пачуццём гумару». Па яго словах, Янковіч даўно заўважыў сваё партрэтнае падабенства з Аляксандрам Лукашэнкам. У чэрвені ён спецыяльна пагаліў лысіну, зладзіў першы касплэй і выклаў фота ў сацыяльныя сеткі. Тады на іх не звярнулі ўвагі - акрамя сяброў ніхто нават лайкаў не паставіў. Калі на фоне пратэстаў тэма «гэтага» прэзідэнта стала актуальнай, Янковіч вырашыў паказаць свой вобраз на вуліцы.
Суд ацаніў перформанс у 7 сутак адміністрацыйнага арышту.
Чытай яшчэ: Шествия и задержания. Гродненцы собрались 30 августа на мирную акцию
Занадта смелыя мастакі
Былы сусед Янковіча па камеры мяркуе, што цяпер мастаку «прымяраюць» артыкул аб абразе прэзідэнта. Калі такое абвінавачванне будзе прад’яўленае, Янковіч стане другім з гродзенскіх мастакоў, чыю творчасць разглядаюць з гэтага пункту гледжання. Першым быў Алесь Сураў. У 1999 годзе яго пераследавалі з-за дзёрзкіх карыкатур у адрас кіраўніка дзяржавы. Абвінавачванне знялі, калі за Сурава ўступілася сусветная супольнасць мастакоў.
Чытай яўчэ: «Ну не свиньи, а?» Алесь Суров представил в Гродно выставку «В стране сала«