Зварот Лукашэнкі да гродзенцаў 22 жніўня транслявалі на фоне пейзажу з Нёманам Каложскай царквой. Высветлілася, што аўтар фатаграфіі не даваў дазволу на яе выкарыстанне.
Раніцай 23 жніўня гродзенскі фатограф Сяргей Марозаў напісаў на сваёй старонцы ў Facebook: “Магчыма, я памыляюся і нехта зрабіў неверагодна падобны на мой здымак з таго ж ракурсу, у той жа дзень і апрацаваў яго “пад мяне”. Таму што ў іншым выпадку з аўтарскімі правамі ў нашай краіне ўсё дрэнна…”

Фатограф расказаў, што здымак быў зроблены сёлета і ў яго захаваўся арыгінал. Праўда, пасля кансультацыі з юрыстам, Сяргей вырашыў “не звязвацца” з аднаўленнем сваіх правоў на здымак.
“Ужо былі ў Беларусі прэцэдэнты, у тым ліку і ў маёй практыцы, па якіх можна судзіць – гэта будзе проста страта часу і грошай”, – пракаментаваў Марозаў. У доказ ён успомніў гісторыю з фатаграфіяй паўночнага ззяння, выкарыстаную Беларускім тэлебачаннем без дазволу аўтара, Антона Матолькі.
Што тычыцца стаўлення Сяргея Марозава да таго, што адбываецца ў горадзе, то ён яго выказаў яшчэ 13 жніўня, пасля масавых збіванняў гродзенцаў АМАПам. Свае ўзнагародныя граматы ад сілавых структур фатограф выкінуў у смецце.


