Аляксандр Лукашэнка прыбыў у Гродна. Яго візіт пачаўся з палігона пад Гожай. 21 жніўня ён выказаўся пра небяспеку захопу Гродзенскай вобласці сіламі НАТО і сваё рашэнне пракантраляваць вучэнні.
Лукашэнку даложаць пра задуму комплекснага тактычнага вучэння, якое пройдзе з 28 па 31 жніўня на Гродзенскім кірунку. Мяркуецца, што 22 жніўня ён наведае раён засяроджвання 52-га танкавага батальёна, пункт кіравання ракетнага і рэактыўнага дывізіёнаў, а таксама пункт пастаяннай дыслакацыі механізаванай брыгады, інфармуе Міністэрства абароны.
«Як мы і меркавалі, усё ідзе па плане каляровых рэвалюцый з узбуджэннем ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне. Арыгінальнасць і адметнасць сітуацыі складаецца ў тым, што падлучаны знешні фактар, што бывае не заўсёды. Звычайна яны раскручваюць ўнутры, зрынаюць дзейную ўладу. Але паколькі ўлада ў нас на месцы, жорстка супраціўляецца (і не толькі супраціўляецца, але і кантралюе сітуацыю), падключылі знешні фактар», — цытуе Лукашэнку БелТА.
Лукашэнка даў даручэнне міністру абароны і камандзіру Заходняга аператыўнага камандавання прыкласці ўсе намаганні, каб «абараніць перш за ўсё заходнюю жамчужыну Беларусі з цэнтрам у Гродна». «З прыняццем самых жорсткіх мер па абароне тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны», — падкрэсліў ён.
Яшчэ раніцай з вуліц горада пачалі эвакуіраваць машыны.
«На Фолюшы ачапляюць ўсе паркоўкі і забараняюць паркавацца ля вайсковай часткі. На старым КПП знаходзіцца некалькі брыгад ДАІ, якія кантралююць усіх, хто ўязджае і выязджае са двароў», — паведаміў чытач Hrodna.life ноччу.
Ад машын ачышчаны вуліцы Соламавай, Вясенняя, Фестывальная. Паводле наяўнай інфармацыі, Аляксандр Лукашэнка наведае 22 жніўня адно з «праблемных» прадпрыемстваў горада. Магчыма, ён выступіць і на мітынгу на плошчы Леніна, які адбудзецца сёння ў 14.00. Туды запрашаюць абсалютна ўсіх гараджан, піша autogrodno.by.
Таксама апошнія два дні ў Гродне з’явілася вялікая колькасць машын са схаванымі ці знятымі нумарнымі знакамі і афіцыйнымі сцягамі Беларусі, высунутымі з вокнаў, піша «АвтоГродно».
Чытайце таксама: