Раніцай 12 жніўня ў Беларусі пачаў працаваць інтэрнэт. Выявілася, многія нашы блізкія, калегі і знаёмыя не ў курсе беспарадкаў, якія адбываліся ў больш чым 30 гарадах краіны тры дні пасля выбараў прэзідэнта.
Пратэсты і жорсткія затрыманні былі і ў Гродне. Толькі за апошнія суткі:
- Сілавікі не далі пратэстантам сабрацца ў адным месцы ў вялікай колькасці. Плошча Советская амаль увесь час была пустая, людзей разганялі пры спробе сабрацца ля філармоніі.
- Пад’езды да цэнтра перакрылі каля 18.00. Сілавікі і ваенныя былі на Савецкай плошчы, у парку Жылібера, на чыгуначным вакзале, у буйных гандлёвых цэнтрах у мікрараёнах. Яшчэ да гэтага міліцыя дзяжурыла на цэнтральных вуліцах, у дварах. Па вуліцах горада ездзіла ваенная тэхніка.
- Аўтобусы і бусы без нумароў, але з АМАПам дзяжурылі або ездзілі па спальных раёнах — Дзевятоўка, Паповіча, Савецкіх пагранічнікаў, у раёне ГЦ «Трыніці». Перыядычна байцы выбягалі і хапалі людзей з вуліц, спынялі машыны. Пазней пад’язджалі аўтазакі, затрыманых «перагружалі» і везлі ў РАУС Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў.
- Днём і ўвечары затрымлівалі журналістаў. Яшчэ да пачатку пратэстаў быў затрыманы журналіст і музыкант групы Dzieciuki Алесь Дзянісаў.
- Каля 20.40 падчас затрыманняў мірна сабраліся ў раёне вуліцы Дарвіна людзей быў затрыманы і журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч. У час затрымання яго білі. Схапілі і яго жонку Таццяну, яе таксама білі. Яе адпусцілі бліжэй да поўначы. Руслан застаецца ў Кастрычніцкім РАУС. Верагодна, яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Каля ратонды сабраліся прыблізна 100 чалавек, затрымлівалі з ваеннай тэхнікай і аўтазакамі, людзей выцягвалі проста з крамы, дзе яны спрабавалі схавацца.
- Асаблівую ўвагу 11 жніўня сілавікі надавалі аўтамабілям. Спынялі і абшуквалі машыны, якія ехалі ў кірунку да цэнтра. Некаторых даганялі за тое, што яны сігналілі, іх спынялі, выцягвалі з машыны і затрымлівалі, машыны забіралі. VW Passat сутыкнуўся з ваеннай тэхнікай на Паповіча — відавочцы бачылі чатырох людзей, што ляжалі тварамі ў асфальт каля машыны.
- У раёне філармоніі машына міліцыі заехала ў грамадзянскі аўтамабіль. Ім кіравала жанчына, а ў салоне была яе 5-гадовая дачка. У выніку сутыкнення дзяўчынка пацярпела. Яе завезлі ў бальніцу з моцным крывацёкам.
Выданню «Наша Н**а» аб тым, што здарылася з мамай і дзяўчынкай расказаў відавочца, які адвёз жанчыну з дзіцем у бальніцу. Паводле яго слоў, кіроўцу легкавой машыны забрала міліцыя.
— У машыне, якую збіў джып у Гродне, пацярпела дзяўчынка 5 гадоў, яна сплывала крывёю. Даставіў яе і маму ў хуткую, лекары сказалі, патрэбна аперацыя. Мужа затрымалі. Як усё было, я не ведаю, ехаў з вуліцы Суворава, убачыў мігалкі і паехаў у той бок. Вуліца апынулася перакрытая, бачу — разбітае аўто і жанчына ў крыві з дзіцем на руках, дзяўчынка крычала. Яны казалі, што не сігналілі, проста ехалі. Сілавікі сказалі ім, што самі вінаватыя. Муж [калі я іх вёз у бальніцу] патэлефанаваў жонцы і сказаў, што яго забрала міліцыя. Я патэлефанаваў праваабаронцам і расказаў усё. Яна перадала ім яго дадзеныя, каб ведаць, дзе яго шукаць потым, — распавёў мужчына.
На Савецкай плошчы журналістка Hrodna.life бачыла, як затрымлівалі зусім маладых хлопцаў - на выгляд не больш за 18 гадоў. Веласіпедыста забралі ў аўтазак разам з роварам. Пазней сілавікі прымусілі журналістку выдаліць фота і відэа. «Здымаць ваенных і ваенную тэхніку нельга», — сказалі яны. На плошчы было шмат вайскоўцаў, незразумела было, па якім прынцыпе затрымліваюць людзей.
На Вішняўцы сігналілі машыны, людзі пляскалі ў ладкі. Па мікрараёне ездзіла хуткая з міліцыяй унутры, паведамлялі гродзенцы.
Пратэсты апошніх трох дзён — самыя буйныя хваляванні ў незалежнай Беларусі за ўсю яе гісторыю. Але супрацьстаянне з уладай пачалося даўно.
Што рабіць, калі пацярпелі вы ці блізкія
Інфармацыю па затрыманых могуць падаць у міліцыі па тэлефоне 102, аднак на апрацоўку дадзеных усіх затрыманых патрэбны час, і ў першай палове дня 12 жніўня інфармацыі па некаторым людзям можа яшчэ не быць.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымлівалі, абавязкова паведаміце пра гэта гродзенскім праваабаронцам:
Віктар Сазонаў: +375 29 699 11 25
Уладзімір Хільмановіч: +375 33 686 50 42
Альбо на цэнтралізаваную гарачую лінію «Вясны»: @ViasnaSOS ці +375 29 543 38 66 (у тым ліку ў Viber)
Звязацца з рэдакцыяй Hrodna.Life, адправіць фота ці відэа, распавесці сваю гісторыю або навіну, можна, напісаўшы ў асабістыя паведамленні ў Telegram галоўнаму рэдактару @aliakseishota.
Чытайце таксама: