Прафесар Гродзенскага ўніверсітэта лічыць, што Аляксандр Лукашэнка не ў сілах прымусіць маўчаць цэлы народ, і абвінавачвае ва ўсталяванні рэжыму адзінаўладдзя. Блогер запісаў зварот да выбаршчыкаў на могілках. Спартсмен заклікаў АМАП не ўжываць сілу. Гродзенцы звярнуліся да міліцыі, Аляксандра Лукашэнкі і выбаршчыкаў.
“Не ў вашых сілах прымусіць далей маўчаць цэлы народ”
Аляксандр Мурашоў – прафесар кафедры журналістыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, доктар педагагічных навук, кандыдат філалагічных навук.
Аляксандр выклаў у Facebook і “Жывы журнал” адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку. У ім ён пісаў, што “ведае, на што ідзе”, паколькі прэзідэнт не прывык да абвінавачванняў і крытыкі. Калегі Аляксандра не ведалі пра гэты ліст. “Але, калі пацерпіць хоць хтосьці з маіх калег <…>, – вы настроіце супраць сябе нават тых нешматлікіх,
хто да самага апошняга моманту спрабаваў вам верыць”.
Пазней выкладчык выдаліў пасты. Ліст ёсць у рэдакцыі Hrodna.life.

“Грамадзянін Лукашэнка! Некалі самы гарачы і верны ваш прыхільнік, і па-ранейшаму – чалавек, закаханы ў Беларусь, я вас абвінавачваю:
- ва ўсталяванні рэжыму асабістага адзінаўладдзя, непадкантрольнага народу, у сістэматычным парушэнні правоў і свабод грамадзян; у пастаяннай хлусні, ва ўтойванні лічбаў і фактаў, якія характарызуюць сапраўднае становішча спраў у краіне; у фактычным ліквідацыі нацыянальнай апазіцыі, што прывяло да рэальнай пагрозы з’яўлення «зялёных чалавечкаў»;
- у разбазарванні нацыянальнага даходу Рэспублікі Беларусь на шматмільённыя актывы «сям’і» і плойму прыкормленых чыноўнікаў, на шматлікія рэзідэнцыі, на разадзьмуты штат аховы і вышуку, на эскорты, якія могуць дазволіць сабе толькі багатыя алігархі свету;
- у поўнай эканамічнай бяздзейнасці: менавіта адсутнасць нацыянальнай эканомікі, на стварэнне якой у вас было дастаткова часу, прывяла да таго, што краіна стала адной з самых бедных у Еўропе; да жабрацтва мільёнаў людзей, а адначасова – да ўзбагачэння клана, кіраўніком якога вы з’яўляецеся;
- у пазбаўленні беларусаў права на жыццё, што выявілася ў правядзенні масавых мерапрыемстваў падчас эпідэміі каранавіруса, у выніку гэтага стала канчаткова ясным ваша стаўленне да людзей;
- у грубым парушэнні законаў Беларусі: у стварэнні паліцэйскай дзяржавы, у прысваенні паўнамоцтваў, на якія вам ніхто не даваў права; у адсутнасці ў краіне сумленных выбараў; у тым, што натуральны для любой дзяржавы працэс перадвыбарнай гонкі вы ператварылі ў грамадзянскае супрацьстаянне, з цкаваннем «непажаданых»”, – напісаў Аляксандр.
“Вы ўжо прайгралі прэзідэнцкія выбары. Прыбраўшы апазіцыю. Адмовіўшыся ад удзелу ў перадвыбарчых дэбатах. Не запрасіўшы замежных назіральнікаў. Пачаўшы ўпадабанае «датэрміновае галасаванне» (беларусы ведаюць, для чаго). Але ўсім гэтым вы адкрываеце беламу свету вочы на тое, што адбываецца ў краіне. На сваё стаўленне да грамадзян. За тыя знявагі і здзекі, на якія вы выраклі беларусаў, зрабіўшы квітнеючы калісьці край юдоллю галечы і безвыходнасці, – Бог вам суддзя. Што ж тычыцца грамадзян, – яны ўжо кажуць сваё слова, і не ў вашых сілах прымусіць далей маўчаць цэлы народ. Наступіла гадзіна праўды”, – лічыць выкладчык.
“Хачу сілушку паказваць на памосце”
Аляксандр Кодзіс – чэмпіён і рэкардсмен свету і Еўропы па паўэрліфцінгу, вядомы сваімі сілавымі рэкордамі. У сваім Instagram ён звярнуўся да АМАПу і міліцыі.
“Хлопцы ў шлемах і масках! Я сваю сілушку хачу паказваць толькі на памосце! Як і ўсе грамадзяне краіны, хачу міру! Спадзяюся, як і вы! Але калі давядзецца абараняць слабых, то і вам прыйдзецца выпрабаваць маю волатаўскую сілу!). Гродзенскі волат , А. Кодзіс”, – падпісаў ён зварот.
“Я з дзяцінства хацеў стаць дэпутатам”
Блогер Vadimati (Вадзім Ермашук) запісаў зварот да гродзенцаў на могілках і заклікаў не хадзіць на датэрміновае галасаванне.
“Сёння мы прачнуліся, а заўтра не !!!! Для чаго ўся гэтая барацьба за ўладу, чаму нехта трымаецца за яе 26 гадоў і не хоча адпускаць !!!
Свет змяняецца і наша краіна павінна мяняцца ў лепшы бок !!!”, – напісаў Vadimati ў Instagram.
“Краіна не мае патрэбы ў чарговым супер-героі”
Мікіта Ігнаценка займаецца музычным праектам MIKITA. Ён заклікаў Вконтакте галасаваць і верыць.
“Я не ведаю, хто такая Святлана Ціханоўская, але хачу ёй верыць. Яе муж, якому я жадаю хутчэйшага вызвалення, таксама не быў маім кандыдатам. Але 9 жніўня кожны з нас абавязаны ісці і зрабіць свой выбар, якога па факце нікому не пакінулі. Я дакладна ведаю, што мая краіна не мае патрэбы ў чарговым супер-героі, чарговым ратавальнікаў або человеку-леку ад усіх бед. У гэтым сэнсе ніводныя выбары прэзідэнта пры цяперашняй канстытуцыі не прывядуць да дэмакратыі і роўнасці. Але вось, што сапраўды варта зрабіць у гэту нядзелю:
- Прыйсці на ўчастак, са стужкай ці без – ужо не так важна.
- Прыйсці менавіта 9 жніўня, як мага бліжэй да вечара.
- З двух бакоў сфатаграфаваць свой бюлетэнь і зарэгістраваць у тэлеграм-боце, інфармацыю аб якім вы знойдзеце на сайце або профілях аб’яднанага штаба.
- Верыць”, – напісаў музыка.
Чытайце таксама: «10 жніўня мы ўсе прачнемся іншымі». Гродзенскі музыка Мікіта Ігнаценка выказаўся пра выбары

“Мне таксама ёсць што губляць”
Глеб Койпіш – дырэктар студыі «Іквадарт», якая ўваходзіць у Топ-10 найлепшых вэб-студый Беларусі. Ён нагадаў, як беларусы кансалідаваліся ў барацьбе з COVID-19, як збіралі грошы на штрафы палітвязням і што яму таксама ёсць што губляць, але ён выкажацца 9 жніўня.
– Беларусь ужо не тая і беларусы ўжо не тыя, аб якіх стэрэатыпна казалі, што “яны стрываюць усё, што заўгодна”. Не стрываюць! Лёд зрушыўся, спадарства! – сказал он.


