Навіны

«Людзі не хочуць вайны, яны проста хочуць зменаў». Былы амапавец з Гродна звярнуўся да экс-калегаў

Гродзенец Віталь Тышкевіч пяць гадоў прапрацаваў у АМАП, ён сышоў у 2011 годзе па заканчэнні кантракту. Цяпер у яго свой бізнес — ён заснавальнік фоташколы і фотастудыі «Веласіпед». 5 жніўня Віталь выклаў у Instagram відэа, дзе звярнуўся да сваіх экс-калегаў і праваахоўных органаў.

У міліцыі Віталь працаваў свядома, яму хацелася дапамагаць і абараняць людзей, але сышоў па заканчэнні кантракту і заняўся бізнесам.

«Я былы супрацоўнік АМАП з пяцігадовым стажам. Я былы не таму, што мяне звольнілі, а таму што ў мяне скончыўся кантракт і я вырашыў паспрабаваць нешта яшчэ, — распавядае Віталь у сваім Instagram. — Зараз у мяне свой бізнес, выдатная сям’я і мне, як і шматлікім у гэтай краіне, ёсць што губляць. Маё жаданне працаваць у міліцыі было свядомым, мне хацелася дапамагаць і абараняць. Магчыма, я вас здзіўлю, але тая ж матывацыя была ў большасці маіх калег. Менавіта таму я з глыбокай павагай стаўлюся да сілавых структураў дагэтуль».

Віталь распавядае, што ў ягоным атачэнні было шмат хлопцаў, якія прыйшлі ў органы не па грошы, не па зброю і не ад няма чаго рабіць — яны працавалі за ідэю і хацелі прыносіць карысць.

«Я дакладна ведаю, што па той бок барыкад у чорнай форме — людзі, а не звяры. Мужчыны, бацькі, выдатныя таварышы, якія ведаюць, што такое гонар і сумленне. Ёсць і іншыя, але звярнуцца я хачу менавіта да сапраўдных супрацоўнікаў і праваахоўнікаў. Я ведаю, што вам не ўсё роўна.

Я заклікаю вас быць сумленнымі ў адносінах да сябе і сваіх блізкіх. Вы не ўласнасць аднаго чалавека і ніхто не мае права распараджацца вамі, вашай мужнасцю і вашай сумленнем. Выконваючы загад падумайце — ці на баку закона вы? Ці застаяцеся вы вернымі сабе, калі затрымліваеце людзей, якія вінаватыя толькі ў тым, што адкрыта выказваюць сваё меркаванне. Выконваючы заведама злачынны загад, чым вы адрозніваецеся ад злачынцы?"

Гродзенец прыводзіць у прыклад апошні тыдзень у краіне, калі прайшоў дзясятак шматтысячных мірных мітынгаў. Ён адзначае, што адсутнасць здарэнняў на кожным з іх толькі пацвердзіла — людзі не хочуць вайны, не жадаюць біцца. Яны проста хочуць праўды і пераменаў.

«Кожнаму з нас ёсць, што губляць. Але пакуль яшчэ многія выбіраюць згубіць сумленне, а не працу, заробак, статус. Выбіраюць заплюшчыць вочы на ​​паламаныя лёсы, беззаконьне і адкрытую хлусню. Удзельнічаюць у фальсіфікацыях, правакацыях і падробках, з’яўляючыся самай магутнай зброяй у руках дзеючай улады. Мне таксама страшна. Але я ніколі не быў крывадушнікам і не магу рабіць выгляд, што ў маёй краіне нічога не адбываецца. Мы давалі клятву быць адданымі свайму народу і ў такой клятвы няма тэрміну даўнасці. Я выбіраю быць свабодным і казаць праўду. І хачу, каб вы ведалі - зараз нам вельмі патрэбна ваша падтрымка».

Падзяліцца

Апошнія запісы

Палац Чацвярцінскіх у Гродне набыў канчатковыя рысы — аўтэнтычны дах аднаўляць не будуць

Будынак былой камендатуры (палац Чацвярцінскіх) у парку Жылібера набыў канчатковыя рысы пасля абнаўлення. Праўда, новы…

11 красавіка 2025

«Стаміўся пераскокваць сабачак і дзетак». Веласіпедысты не могуць дамовіцца з пешаходамі ў Пышках

Гродзенцы скардзяцца, што пракаціцца на веласіпедзе ці роліках па веладарожцы ў Пышках праблематычна. Прычына ў…

11 красавіка 2025

Гродзенцы скардзяцца на вялікія чэргі да артадонтаў — у некаторых клініках няма запісу нават на 2026 год

Гродзенка Вікторыя паскардзілася ў Threads, што запісацца на прыём да мясцовых артадонтаў амаль немагчыма. Пра…

11 красавіка 2025

На журналіста з Гродна Валерыя Руселіка збіраюць «арыентыроўку». Прыйшлі да яго сталой мамы

Сілавікі прыйшлі да маці журналіста і блогера Валерыя Руселіка ўвечары 9 красавіка. Яны былі ў…

11 красавіка 2025

Гродзенцы браты Байко ўвайшлі ў ТОП-100 паспяховых бізнесменаў Беларусі — але апускаюцца ўсё ніжэй

Валянцін Байко, намеснік дырэктара па развіцці «Контэ Спа», і яго брат, Дзмітрый Байко, намеснік дырэктара…

10 красавіка 2025

У красавіку ў Гродне пройдзе лакальны кававы фестываль. Колькі каштуе сэт і хто удзельнікі?

Grodno Coffee Festival пройдзе ў Гродне з 15 па 29 красавіка. У фестывалі возьмуць удзел…

10 красавіка 2025