Навіны

«Выхавала дзяцей і патрыёта Ціханоўскага». Першы пікет за Святлану Ціханоўскую ў Гродне сабраў 1500 чалавек

Святлана Ціханоўская на першым пікеце ў Гродне па тэлефоне заклікала ўсіх галасаваць за яе 9 жніўня. Кандыдат плануе вызваліць палітвязняў і вярнуць Канстытуцыю 1994 года, распавялі давераныя асобы. Абараняць галасы можна з дапамогай фота і белых бранзалетаў, прапанавалі яны. Людзі эмацыйна рэагавалі, скандавалі «Мы — не рабы!» і «Мы — улада!», ахвотна распавядалі ў свабодны мікрафон, чаму яны будуць галасаваць за Ціханоўскую і як яны да гэтага прыйшлі.

Да 17.00 23 ліпеня ў Каложскі парк групамі пачалі сыходзіцца людзі: бабулі з плеценымі кошыкамі, веласіпедысты, маладыя сем'і з каляскамі і дзецьмі. Каля стэлы ўжо сабраліся каля 500 чалавек рознага ўзросту. Многія з іх з бел-чырвона-белымі сцягамі і пратэстнай сімволікай. Людзі ў чаканні казалі пра працу, надвор’е, бытавыя праблемы.
Раней гродзенцы пыталіся ў Hrodna.life, ці легальны пікет — ці не будзе там затрыманняў?

Ля намёту з трыма калонкамі рыхтаваліся гродзенскія актывісты з розных партый і рухаў - Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларускі Народны Фронт, Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Каля сцэны ўсталявалі кардонную Ціханоўскую.

— Галасуй за Святлану Ціханоўскую! — гучала з калонак паміж патрыятычнымі песнямі.

Людзі скандавалі «Верым! Можам! Пераможам! «. Сярод тых, хто прыйшоў на акцыю — акцёры, гісторыкі, экскурсаводы. Прыйшлі Уладзімір Навумік з сям’ёй і Сяргей Калмыкоў, якіх затрымлівалі 29 мая на пікеце па зборы подпісаў разам з Сяргеем Ціханоўскім.

— Захоўвайце спакой і не паддавайцеся на правакацыі, — нагадалі гродзенцам з калонак.

Сама Ціханоўская на сустрэчу не прыехала.

— У Святланы вельмі шчыльны графік і яна па аб’ектыўны прычынах не змагла прыехаць да нас на сустрэчу. Тут прысутнічаюць тры яе давераныя асобы, якія па магчымасці змогуць адказаць на вашы пытанні. Але яна абавязкова прыедзе ў наш горад — дадатковую інфармацыю вы атрымаеце пазней, — паабяцаў давераная асоба Ціханоўскай Мікалай Салянік. Ён нагадаў гродзенцам пра каранавірус і заклікаў захоўваць дыстанцыю.

Чытайце таксама: «Он не «белорусский Навальный». Светлана Тихановская дала первое телеинтервью

1500 гродзенцаў прыйшлі на першы пікет за Святлану Ціханоўскую

Мікалай прапанаваў гродзенцам некалькі лічбаў: «Зарплата ў Польшчы ў чатыры разы вышэй, чым у Беларусі. На зарплату паляк можа купіць 102 кг свініны, беларус — 20 кг. Дапамога па беспрацоўі ў Беларусі 15 $ у месяц, ва Украіне — 60 $. У 1990-м годзе беларусаў было 10,5 млн, сёння — 9,4 млн. Наша задача — разам выпрацаваць падыходы і прымусіць уладу лічыцца з нашым меркаваннем і выбарам».

— Святлана Ціханоўская — жонка знакамітага блогера, які зрабіў сабе імя за год. <…> Прагрэсіўныя патрыятычныя сілы аб’ядналіся вакол Святланы ЦіханоўскАй. Яна — жонка, яна — новы палітык. Яна добрая маці, добрая жонка. Ёй 37 гадоў. Скончыла школу з залатым медалём, Мазырскі педінстытут, працавала перакладчыкам, сакратаром у замежных фірмах, выхоўвае двух дзяцей і выхавала нам патрыёта Сяргея Ціханоўскага, — распавёў біяграфію Святланы Мікалай Салянік.

Чытайце таксама: Пенсионерка из Гродно ответила Лукашенко и БТ

Ён пералічыў палітвязняў, якія зараз знаходзяцца ў турмах — людзі пляскалі і свісталі ў знак салідарнасці. Давераныя асобы пералічылі пункты праграмы Святланы Ціханоўскай. Кожны пункт прысутныя сустрэлі апладысментамі. Найбольшую рэакцыю выклікала «вяртанне Канстытуцыі 1994 года».

Што прапануе Святлана Ціханоўская?

  • вызваленне ўсіх палітвязняў;
  • раздзяленне ўлады;
  • свабодныя рынкавыя адносіны;
  • свабода прэсы;
  • стварэнне мільёна і больш працоўных месцаў;
  • вяртанне Канстытуцыі 1994 года;
  • свабодныя і сумленныя выбары.

Святлана прысутнічала на сустрэчы па тэлефоне. Секунд 40 яна не магла загаварыць з-за апладысментаў і крыкаў.

— Гродна, Гродна, прывітанне! На жаль, я сёння не магу быць з вамі. Але ўсім сэрцам, усёй душой я побач з вамі. Дзякуй усім, хто прыйшоў сёння ў маю падтрымку. Калі ласка, прыходзьце галасаваць 9 жніўня за мяне, Святлану Ціханоўскую. Я адчуваю ад вас каласальную падтрымку. Калі ласка, падтрымлівайце адзін аднаго — у нас адна мэта. Толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцця. Дзякуй усім вялікі. Да пабачэння, пакуль, — сказала Святлана.

1500 гродзенцаў прыйшлі на першы пікет за Святлану Ціханоўскую

На сустрэчы з гродзенцамі выступіла 81-гадовая Галіна Філіпаўна Андрэйчык, якая праславілася пасля таго, як 29 траўня дала інтэрв'ю Ціханоўскаму, а пазней стала аб’ектам цкавання з боку дзяржаўных СМІ. Людзі сустрэлі яе скандаваннем «Ма-ла-дзец!», падарылі паштоўкі і кветкі. «Усім бы такіх бабуль», — сказала дзяўчына свайму маленькаму сыну. Пасярод выступу Галіна Філіпаўна папрасіла падтрымаць яе, таму што ёй было цяжка стаяць, але свой выступ яна скончыла.

Галіна Філіпаўна павіншавала Святлану Ціханоўскую са статусам кандыдата і з аб’яднаннем штабоў. Шмат казала пра дзень 29 траўня, калі затрымалі «сынка» Ціханоўскага. Звярталася да супрацоўнікаў міліцыі і АМАПу. Прапаноўвала скандаваць «Сва-бо-ду!» — і людзі падхоплівалі.

Галіна Філіпаўна Андрэйчык

— Абуральна, калі моладзь, мірных дарослых людзей на вуліцах хапаюць, збіваюць, абражаюць, прыніжаюць, штрафуюць непад’ёмнымі сумамі пры збядненні народа, валакуць па асфальце і кідаюць як бярвёны ў аўтазакі, змяшчаюць у турэмныя камеры.
Гэтыя дзеянні сілавікоў не могуць пакідаць абыякавымі ніводнага разважнага чалавека, — са слязамі гаварыла Галіна Піліпаўна.

Давераныя асобы прапанавалі свае варыянты абароны галасоў на выбарах:

  • прыйдзіце на выбары 9 жніўня ў другой палове дня;
  • адмоўцеся ад наведвання датэрміновага галасавання;
  • дайце магчымасць назіральнікам і сябрам камісіі ідэнтыфікаваць сябе з дапамогай белага бранзалета;
  • зрабіце фота бюлетэня з разваротам пашпарта і адпраўце здымак на адпаведную платформу.
1500 гродзенцаў прыйшлі на першы пікет за Святлану Ціханоўскую

Пасля давераных асоб выступалі гродзенцы. Жадаючых было шмат. Шмат зваротаў было да членаў участковых камісій, міліцыі і АМАПу.

— Я хачу пасля 9 жніўня пры сустрэчы падаваць вам руку. Калі ласка, узгадайце, што такое сумленне, гонар, высакароднасць і навошта наогул вы пайшлі туды служыць. Я хачу, каб мая дачка вамі ганарылася, я хачу, каб яна вас паважала, а не баялася. Толькі ў нашай краіне пры слове «міліцыя» сумленныя людзі баяцца. У вас ёсць яшчэ час, у вас ёсць шанец. Калі вас просяць, прымушаюць, загадваюць — захварэйце, сыдзіце ў адпачынак. Ды здымеце гэтыя пагоны у рэшце рэшт. Вернеце — 10 жніўня, — казала Дар’я, ветэрынарны ўрач.

«Ужо ў 17.00 было больш за 500 чалавек. Колькасць людзей пастаянна павялічвалася. Заканчваўся працоўны дзень, людзі ўвесь час ішлі. Бліжэй да 17.30 іх было ўжо больш за 700, а яшчэ праз паўгадзіны колькасць павялічылася да 1000», — ацэньваюць праваабаронцы цэнтра «Вясна».

— Я ведаю, для чаго я гэта раблю і навошта — для таго, каб мае дзеці былі ў свабоднай краіне. Так, я праграміст. Здаецца, што мне павінна хапаць усяго. Нібыта ёсць і грошы, і Tiguan ужо купіў - мне 32. Гэта не самае галоўнае. Галоўнае, каб мае дзеці свабодна жылі ў краіне. <…> Я за сумленныя выбары, за Беларусь і за Ціханоўскую, таму што гэта адзіны нармальны кандыдат. А Аляксандр Рыгоравіч нам за 26 гадоў надакучыў, — сказаў Уладзімір Родчанка, якога 14 ліпеня затрымалі за два сцягі на аўтамабілі.

Чытайце падрабязней: Гродненец из того самого Volkswagen с бело-красно-белыми флагами планирует пересесть на Запорожцы

Уладзімір Родчанка

— Ды мне надакучыла ўсё разумець. <…>Я хачу бачыць шчаслівыя добрыя асобы. Я хачу бачыць шчасце. Я хачу бачыць Беларусь ганарлівай, свабоднай і незалежнай, — кажа акцёр Аляксандр Рацько.

Аляксандр Рацько

Людзі казалі пра агульныя праблемы: дзяржаўныя заводы-аўтсайдары, палітвязняў, інфляцыю, дэнамінацыю, вольную прэсу, падзел уладаў, фальсіфікацыі выбараў. І пра свае асабістыя: пра страх перад міліцыяй, пра тое, што жанчыны застаюцца без мужоў, таму што яны працуюць за мяжой, пра тое, што страшна нараджаць дзяцей. І пра тое, што рэвалюцыя, здаецца, пачалася.

Наступны пікет за Святлану Ціханоўскую ў Гродне пройдзе ў суботу 25 ліпеня ў 17.00 у Каложскім парку.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024