У цэнтры Гродна 24 ліпеня сталі з’яўляцца жалезныя скульптуры насякомых і малюскаў. Іх устаноўку прымеркавалі да адкрыцця IX Біг-міні-фестывалю, які пройдзе ў Гродне 30−31 ліпеня.
У гэтым годзе фестываль з-за пандэміі ўпершыню пройдзе ў online-фармаце. Арт-аб'екты — адзінае, што будзе нагадваць гродзенцам і турыстам у цэнтры горада пра традыцыйнае свята.
«Фэст у гэтым годзе праходзіць анлайн, але мы не адмаўляемся ад традыцыйнага ўпрыгожвання горада напярэдадні яго правядзення. Сёння мы прывезлі незвычайныя арт-аб'екты, іх зрабіў мінскі майстар па жалезе Васіль Сасімовіч. Два гады мы спрабавалі прывезці яго скульптуры ў Гродна. Нарэшце атрымалася», — распавяла Hrodna.life дырэктарка фестывалю Анастасія Роўба.
Выстава Васіля, якую ён прывёз у Гродна, называецца «Другое жыццё жалязяк».
У цэнтры Гродна Васіль выставіў 10 розных скульптур. На стварэнне адной такой скульптуры ў майстра сыходзіць ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў.
Фестываль вулічнага мастацтва пройдзе ў Гродне 30−31 ліпеня ў online-фармаце.