Гродзенскі абласны суд не задаволіў скаргу Ежы Грыгенчы на рашэнне суда Ленінскага раёна, які прысудзіў яму дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «Ланцугу салідарнасці», паведамляе harodniaspring.org.
13 ліпеня суддзя Ларыса Барэль прысудзіла Ежы Грыгенчу 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ў Гродне. Пад арышт Грыгенчу дагэтуль не ўзялі, спасылаючыся на адсутнасць дакументаў.
Скаргу 20 ліпеня ў Гродзенскім абласным судзе разглядаў суддзя Валерый Раманоўскі. Ён зачытаў асноўныя пункты скаргі, выслухаў дапаўненні Грыгенчы, які даводзіў, што яго судзілі па «фальшывым» пратаколе, які нікім з міліцыянтаў не падпісаны. Раманоўскі не задаволіў скаргу.
Гродзенскія праваабаронцы перакананыя, што справа Грыгенчы мае характар палітычнага пераследу. А адбываць арышт Грыгенчу не бяруць зараз, бо хочуць яго пасадзіць на дзесяць сутак падчас папярэдняга галасавання і ў дзень выбараў. «Гэта робіцца для таго, каб пазбавіць Грыгенчу як актыўнага выкрывальніка парушэнняў выбарчага заканадаўства магчымасці весці назіраннне за працэсам галасавання», — паведамілі яны.
У Гродне 19 чэрвеня, а 19:00 пачалася акцыя салідарнасці са зняволенымі. Людзі расцягнуліся ланцугом ад Дома Мураўёва на Савецкай плошчы да філармоніі. Машыны, што праязджалі міма, актыўна сігналілі. Агулам ў ланцугу стаяла блізу 600 чалавек, затрымалі і ўжо вызвалілі аднаго чалавека.
Ежы Грыгенча — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябра ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай. У 2019 годзе за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт.23.34) яго судзілі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй, у 2017 — за ўдзел у Маршах недармаедаў.
Анна Канопацкая приехала в Гродно поддержать в суде активиста