11 ліпеня на вуліцы Савецкай ля кавярні «Джезва» усталявалі «вулічнае піяніна». Сыграць на музычным інструменце можа любы ахвотны.
Піяніна ў цэнтры горада з’явілася дзякуючы вулічнаму музыканту Аляксандру Зіміну. Ён хоча, каб «вулічных піяніна» у Гродне стала яшчэ больш, а ідэя стала гарадскім праектам. Першы музычны інструмент ён усталяваў на летняй пляцоўцы кавярні «Джезва». Гэта ўласнае піяніна музыканта.
Чытай таксама: Перед открытием Биг-мини фестиваля в центре Гродно появилось «городское пианино»
«Мой праект называецца „вулічныя піяніна Гродна“. Гэта такі падарунак гораду. У планах ўсталяваць некалькі інструментаў у цэнтры, хочацца яго зрабіць больш прывабным для турыстаў і гараджан», — распавёў Hrodna.life Аляксандр.
Чытайце таксама: Вулічны музыкант Аляксандр Зімін здзівіў ігрой на фартэпіяна (не ўсе ведалі)
Другое піяніна музыка хоча ўсталяваць на тэрыторыі чыгуначнага вакзалу. Зараз Зімін вядзе перамовы з Міністэрствам транспарту і кіраўніцтвам вакзала ў Гродне.
Вулічны музыкант Аляксандр Зімін вядомы ў горадзе ігрою на хэндпане. З гэтым інструментам ён выступае на Савецкай ужо некалькі гадоў. Падчас пандэміі Аляксандр уладкаваўся дворнікам у дзіцячую бальніцу.
У многіх гарадах Еўропы ўстаноўлены вулічныя піяніна, дзе можа іграць кожны ахвотны.
Напрыклад, у Санкт-Пецярбургу таксама ёсць некалькі грамадскіх піяніна. Днём і ноччу пецярбужцы ладзілі фартэпіянныя канцэрты і танцы ў стылі бугі-вугі. Некаторыя жыхары былі незадаволеныя выступамі і адзін з інструментаў залілі цэментам.