15 ліпеня каля 20:00 на Савецкай плошчы супрацоўнікі АМАПу затрымалі двух веласіпедыстаў, якія рамантавалі ровар. Па словах відавочцаў, веласіпедысты нічога не выкрыквалі.

У гэты дзень у Гродне па паведамленнях telegram-каналаў павінен быў прайсці несанкцыянаваны велапрабег, але праз адсутнасць ўдзельнікаў ён не адбыўся. Нягледзячы на гэта, міліцыя і супрацоўнікі ДАІ спынялі раварыстаў у цэнтры горада.

Двух гродзенцаў затрымалі на Савецкай плошчы. Адзін з іх — гродзенскі спартсмен Сяргей Нікулін.

«Хлопцы сядзелі на лаўцы і наладжвалі ровар. Паспелі зняць кола, як да іх пад’ехаў бус і адтуль выйшлі тры чалавекі ў цывільным адзенні. Так вось і затрымалі. Веласіпедысты нічога не выкрыквалі», — распавёў сведка затрымання.

Веласіпедыстаў адпусцілі ў 23:00. У іх канфіскавалі ровары і тэлефоны для праверкі. У панядзелак веласіпедыстаў запрашаюць у РАУС Ленінскага раёна.

15 ліпеня ў Гародні было затрымана каля 5 веласіпедыстаў. Усіх іх адпусцілі.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]