У Мінску распачалі крымінальную справу па арт. 342 КК — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, паведамілі ў Следчым камітэце.
Справу распачалі па факце арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.
Відэаматэрыялы далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы, іх вывучаюць следчыя. Асобы, якія маюць дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці, затрыманыя. Іх дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка.
«Любыя правакацыі будуць спыняцца»
Днём 14 ліпеня ў МУС прасілі беларусаў не ўдзельнічаць у «незаконных масавых мерапрыемствах». Абяцалі, што супрацоўнікі міліцыі прымуць «усе меры, накіраваныя на падтрыманне грамадскага парадку і спыненне супрацьпраўных дзеянняў», а любыя правакацыі будуць спыняцца.
Некаторыя грамадзяне паддаліся ўплыву «інтэрнэт-правакатараў», што прывяло да «пэўных негатыўных наступстваў», паведамілі ў МУС 15 ліпеня. Па іх паведамленнях, у розных гарадах затрыманыя больш за 250 чалавек, у тым ліку кіроўцы і веласіпедысты. Больш за ўсё «парушэнняў» зафіксавана ў Мінску. Іх затрымалі:
- за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў,
- парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў,
- невыкананне правілаў дарожнага руху.
Частку затрыманых пасля складання адміністрацыйных пратаколаў і правядзення прафілактычных гутарак адпусцілі, некаторых пасадзілі ў ІЧУ.
У Віцебску абышлося без затрыманняў, паведамілі ў МУС. Ва УУС Гродзенскага аблвыканкама Hrodna.life паведамілі, што затрыманняў у горадзе 14 ліпеня не было і папрасілі чакаць афіцыйнага тэксту на сайце МУС.
Автомобиль гродненца с БЧБ-флагом конфисковали
«Пацярпелі супрацоўнікі АМАП»
У выніку бойкі шэсць міліцыянтаў АМАП ГУУС Мінгарвыканкама атрымалі траўмы, з іх чацвёра шпіталізаваны, паведамілі ў МУС.
Інфармацыя аб стане здароўя пацярпелых і відэа накіравалі ў Следчы камітэт.
Увечары 14 ліпеня пасля аб’явы вынікаў рэгістрацыі на цэнтральную плошчу Гродна выйшла міліцыя і гродзенцы. Паведамляюць, што ў пікавыя моманты было каля 300 чалавек. Людзі пляскалі і крычалі «Жыве Беларусь!». На самой плошчы затрыманняў не было.
Падобныя падзеі адбываліся ў іншых гарадах. У Мінску, Пружанах, Брэсце, Гомелі, Салігорску і Бабруйску адбыліся затрыманні. У вялікіх гарадах АМАП жорстка затрымліваў людзей, якія выйшлі на вуліцы. Некаторых адпусцілі. Затрымлівалі ў тым ліку непаўналетніх, журналістаў, грамадзянінаў замежных дзяржаў. Пакуль вядома пра 253 затрыманні.