На 7 ліпеня каранавірусам заразіліся 64 003 беларусаў, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Ачунялі і выпісаныя 51 902 пацыентаў, 436 чалавек з пацверджаным COVID-19 памерлі.
За апошнія суткі ў Беларусі выявілі 199 новых выпадкаў хваробы, паводле афіцыйных звестак, памерлі 7 чалавек, 782 пацыента выпісалі.
У перыяд распаўсюджвання каранавіруса ў Беларусі правялі 1 078 267 тэстаў. За апошнія суткі было зроблена 4 027 тэстаў.
Лукашэнка абвясціў пра перамогу над вірусам
Аляксандр Лукашэнка 7 ліпеня на сустрэчы з актывам горада Мінска зноў заявіў, што каранавірус пераможаны.
«Сістэма, якая ў нас ёсць, і тая дысцыпліна і кіравальнасць у ахове здароўя дапамагала нам у такім густанаселеным і адкрытым горадзе пераадолець гэтыя праблемы, — цытуе прэзидэнта БелТА. — Я магу вас павіншаваць, што мы справіліся з гэтай бядой».
Лукашэнка падкрэсліў, што самым галоўным было не дапусціць панікі.
Суседзі не зусім згодныя
Наша краіна не зачыняла межаў, але суседнія краіны Еўрасаюза беларусаў пакуль не пускаюць. Каб трапіць у спіс «чыстых» краін, ўезд адкуль дазволены, трэба адпавядаць пэўным крытэрам:
- колькасць новых выпадкаў COVID-19 у краіне на 100 тысяч жыхароў за апошнія 14 дзён павінна быць блізкай да сярэдняга паказчыка ЕС або ніжэй за яго;
- апошнія два тыдні павінна фіксавацца нейкая аднолькавая колькасць штодзенных выпадкаў, або яе скарачэнне;
- спосабы барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса ў краіне: тэставанне, адсочванне кантактаў, лакалізацыя, лячэнне, справаздачнасць, а таксама дакладнасць інфармацыі.
У Літве 4 ліпеня пацвердзілі пяць новых выпадкаў каранавіруса. Тры з пяці выпадкаў прывазныя: з Вялікабрытаніі, Беларусі і Швецыі.
Ва Украіну замежнікаў, у тым ліку беларусаў, пускаюць толькі пры наяўнасці поліса страхавання выдаткаў, звязаных з лячэннем COVID-19, і абавязковай двухтыднёвай абсервацыяй. Скараціць яе можна толькі зрабіўшы ўжо пасля перасячэння мяжы ПЦР-тэст і атрымаўшы адмоўны вынік. Ад каранціну вызваленыя жыхары краін, у якіх колькасць актыўных выпадкаў захворвання COVID-19 складае больш за 40 чалавек на 100 тысяч насельніцтва.
Расія для большасці беларусаў, акрамя невялікага спісу выключэнняў, таксама недаступная. Амбасадар Беларусі ў Расеі прагназуе, што мяжа паміж Беларуссю і Расеяй, закрытая расейскім бокам у сакавіку з-за пандэміі COVID-19, будзе зноў адкрыта ў канцы ліпеня — пачатку жніўня, паведамляла БелТА.