Першая сотня жоўтых ровараў з’явілася на вуліцах Гродна 3 ліпеня. Любы жадаючы можа скарыстацца мабільным велапракатам – узяць ровар у адным месцы, а пакінуць у іншым. Галоўнае – усталяваць дадатак у смартфоне і адплаціць карыстанне.
Пасля Брэста і Мінска Гродна стаў трэцім абласным цэнтрам, дзе запусцілі байкшэрынг “Колабайк”. На працягу ліпеня колькасць пракатных ровараў у Гродне павялічыцца да 500 штук. Усе яны будуць знаходзіцца ў розных месцах горада.
Пракатныя ровары абсталяваны сістэмай GPS-сачэння і модулем 2G/3G для дыстанцыйнай разблакоўкі. Грошы здымаюцца аўтаматычна з рахунку пасля завяршэння паездкі. За пасадку бяруць 50 капеек і па 4 капейкі за кожную хвіліну карыстання.

Як карыстацца “Колабайк”?
Каб карыстацца роварамі, трэба спампаваць прыкладанне і прывязаць да яго банкаўскую картку. У дадатку можна знайсці на карце бліжэйшы ровар. На самым ровары трэба адсканаваць код на рулі або замку. Калі замок адкрыецца – можна ехаць. Потым ровар можна пакінуць амаль у любым месцы. Галоўнае, не забыцца зачыніць замок на ім. Усе ровары адсочваюцца з дапамогай GPS і інтэрнэту.
Пара рыхтавацца да вандалізму?
У Мінску пасля запуску «Колабайка» пачалася серыя крадзяжоў і псаванняў пракатных ровараў. Іх знаходзілі на дрэвах, на брылі пад’езда і ў сметніку, іх везлі ў суседнія гарады (Смалявічы і Стоўбцы), вандалы зафарбоўвалі QR-коды, якія трэба сканаваць перад пачаткам паездкі. Адзін ровар школьнік утапіў у Свіслачы. У Брэсце зніклы ровар «Колабайк» знайшлі ў лесе са зрэзанымі дэталямі.
У Гродне былі падобныя выпадкі з самакатах пракату Samokato. Хуліган разбіў самакат і ўтапіў яго ў Нёмане.
“Колабайк” – не першы такога тыпу сэрвіс у Гродне. Іншы велашэрынг “Hutka” пачалі пачалі тэставаць у траўні 2020 у Альшанцы.





