Навіны

«Не баіцеся, што суседзі тапкамі закідаюць?» Ціханоўскаму на судзе ў Гродне далі яшчэ 15 сутак

У Гродзенскім абласным судзе 1 ліпеня разглядалі справу блогера Сяргея Ціханоўскага. Ён знаходзіцца ў СІЗА ў Мінску, бо 10 чэрвеня стаў абвінавачаным па крымінальнай справе. Таму ён удзельнічаў у працэсе ў Гродне па відэасувязі.

Судзілі Ціханоўскага за падзеі ў Гродне 29 траўня па артыкуле 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні).

Да пачатку працэсу абаронца Ціханоўскага Андрэй Шчэпяткоў папрасіў суд даць яму магчымасць узгадніць пазіцыю з абвінавачаным з-за немагчымасці зрабіць гэта раней. Суд задаволіў хадайніцтва і даў ім 15 хвілін на размову.

Судовы працэс праходзіў пры поўнай зале. Было шмат супрацоўнікаў міліцыі. Голас у Ціханоўскага быў бадзёры, але было відаць, што ён прыкметна схуднеў. Настолькі, што некаторыя яго не адразу пазналі.

Рапарт і тлумачэнне напісаны як пад капірку

Згодна з пратаколамі міліцыі 29 траўня каля 20:00 пры затрыманні Ціханоўскі аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам АМАПа Дзмітрыю Рахунку і Віктару Будніку.

Пасля затрымання рапарт і тлумачэнне былі напісаныя Рахункам і Буднікам слова ў слова — там нават паўтаралася адна і тая ж памылка. Пра гэта заявіў абаронца Ціханоўскага Шчэпяткоў. Чаму так адбылося, патлумачыць Рахунак і Буднік не змаглі.

«29 траўня я ажыццяўляў службу па ахове грамадскага правапарадку, — распавядае Рахунак. — Каля 20:00 паступіла каманда, што паблізу крамы „Ратушны“ здзейснілі гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. Нашу ўвагу прыцягнула група людзей, якая стала аддаляцца ад месца здарэння. Падышлі да Ціханоўскага, прадставіліся і затрымалі яго па падазрэнні ў здзяйсненні правапарушэння. Спачатку ён ішоў нармальна, потым пачаў супраціўляцца і ўпірацца. Казаў: „Гэта правакацыя“. Тады намі была ўжытая фізічная сіла. Мы даставілі яго ў РАУС для далейшага разбіральніцтва».

«Мае паказанні адпавядаюць рэчаіснасці, — кажа Буднік. — Нам паступіла паведамленне пра гвалт у дачыненьні да супрацоўніка міліцыі. Падышлі да падазронай кампаніі, якая аддалялася ад месца здарэння. Падышлі менавіта да Ціханоўскага, прадставіліся і папрасілі прайсці для разбору. Затрыманы спачатку ішоў нармальна, а пасля спрабаваў вырвацца — чапляўся за жоўты фургон. Тады мы ўзялі яго пад рукі і пацягнулі ў службовы аўтамабіль».

Ціханоўскі заявіў, што за падзеі ў Гродне яго судзяць двойчы. Ён кажа, што не здзяйсняў у той дзень нічога супрацьпраўнага. На судзе ён спытаў у прадстаўніка РАУС, хто даў указанне яго затрымаць. Прадстаўнік адказаць не змог, тады Ціханоўскі сказаў:

«На днях Аляксандр Лукашэнка сказаў, што гэта ён даў сігнал затрымаць Ціханоўскага. Вам не сорамна? Вы не баіцеся, што тапкамі суседзі закідаюць?»

Зала суда ў часе працэсу над Ціханоўскім. Справу разглядаў суддзя Юрый Казакевіч

Ціханоўскі: «Адміністрацыйная вытворчасць не павінна дубляваць крымінальную справу»

У сваіх паказаннях Ціханоўскі распавёў, што ён прыехаў у Гродна як кіраўнік ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты Святланы Ціханоўскай.

«Тады праходзіў пікет, утварылася велізарная чарга людзей, якая стамілася ад хлусні Лукашэнкі. Невядомыя людзі зладзілі правакацыю. Усе падзеі таго вечара сталі прадметам крымінальнай справы. Я лічу, што адміністрацыйная вытворчасць не павінна дубляваць крымінальную справу. Я не ўжываў ніякага гвалту да супрацоўнікаў міліцыі і ўсё гэта відаць на відэа.

Мне незразумела, чаму мяне не азнаёмілі з пратаколам адміністратыўнага правапарушэння. Я лічу гэта парушэннем маіх правоў. Толькі ад адваката даведаўся, што я аказваў супраціў. Віну не прызнаю.

Ёсць сотні сведак, што гэта была правакацыя ў той вечар. І мне незразумела, чаму сведкамі выступаюць толькі супрацоўнікі АМАПу? Была каманда па ліквідацыі палітычнага апанента. Я ўпэўнены, сотні звычайных грамадзян гатовыя выступіць сведкамі, але іх не апыталі".

«Дзе вашы тапкі, беларусы?»

У перапынку перад абвяшчэннем прысуду Ціханоўскі паспеў пагутарыць з гродзенцамі. Ён распавёў, што грошы, якія знайшлі ў яго дома, не яго — іх яму падкінулі.

Таксама ён сказаў: «Дзе вашы тапкі, беларусы?»

У выніку суд прызнаў Ціханоўскага вінаватым у непадпарадкаваньні супрацоўнікам АМАПу. Яму далі 15 сутак адміністрацыйнага арышту. У зале суда пасля абвяшчэння прысуду сталі выкрыкваць: «ганьба» і «суддзю на мыла».

Сяргей Ціханоўскі паспеў адказаць: «ганьба». Пасля гэтага відэасувязь выключылі.

Сяргей Ціханоўскі падчас суду

Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?

У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.

Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на ​​гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.

У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Два падлеткі са Слоніма атрымалі крымінальную справу — за што?

Два хлопцы са Слоніма, узростам 14 і 15 гадоў, атрымалі крымінальны артыкул за хуліганства, здзейсненае…

19 верасня 2024

Стала вядома, колькі будзе каштаваць кватэра ў новым мікрараёне «Вясенні»

Дом у раёне вуліц Каліноўскага і Вясенняй, які пачалі будаваць у пачатку верасня, плануюць здаць…

19 верасня 2024

Гродзенцы абурыліся з-за платнай паркоўкі ля адной з новабудоўляў - $ 2000 за месца

Канфлікт разгарнуўся вакол паркоўкі ў новым доме на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў. Гродзенцы абураны тым, што…

19 верасня 2024

Пад Гроднам прадаюць гатовы бізнес па вырошчванні дурніц

Фермерская гаспадарка знаходзіцца ў вёсцы Пальніца, што ў 23 кіламетрах ад Гродна. Гаспадарка дзейнічае —…

19 верасня 2024

У Швейцарскай даліне з’явілася новая сцежка. Куды яна вядзе?

На ўчастку ад вуліцы Мітрапаліта Філарэта да прыпынку «Цэнтр занятасці» на вуліцы Дзяржынскага амаль скончылі…

18 верасня 2024

Прадзюсарскі цэнтр, які няўдала судзіўся з Бондаравай, абскардзіў рашэнне суда (абноўлена)

ТАА "Флагман М'юзік" не пагадзілася з адмовай у іску аб абароне дзелавой рэпутацыі да актывісткі…

18 верасня 2024