Аўдыёпраект “Читаем со вкусом” падрыхтавалі ў Спецыяльнай бібліятэцы для інвалідаў па зроку. Гродзенцы могуць паслухаць урыўкі з мастацкіх твораў з апісаннем момантаў, звязаных з ежай, на сайце centrbibl.grodno.by. Тут жа – рэцэпты прыгатавання страў і напояў, якія згадваюцца ў творы.

Ідэя праекта прыйшла да Раісы Ланеўскай, бібліятэкара спецыяльнай бібліятэцы для інвалідаў па зроку, калі яна чытала кнігу Эміля Заля “Чэрава Парыжа”. “У яго апісаны парыжскі рынак з такім смакам, што адчуваеш пахі сыроў, калі чытаеш», — кажа бібліятэкар. Яе натхніла яшчэ адна кніга – «Мемуары гейшы” Артура Голдэна. Раіса прызнаецца, што адчувала пах рыбы, пакуль чытала апісанні горада. «Уменне аўтара апісаць смак уражвае і запамінаецца», — кажа яна.

Аказалася, шмат знакамітых пісьменнікаў апісвалі ежу, застоллі вельмі “смачна” і прыгожа. Да гэтых апісанняў вырашылі дадаць рэцэпты стравы – такой жа або падобнай. Так і атрымаўся праект.

Агучыла ўрыўкі Зінаіда Крылова, аглядальнік літаратурных твораў і загадчыца аддзела радыёвяшчання на “Радыё Гродна”. “Гэта проста фантастыка, падвойнае задавальненне”, – ацэньвае працу журналісткі Раіса.

Кнігі для невідушчых цяпер больш чым даступныя, распавядае Раіса Ланеўская. Многія з іх карыстаюцца кампутарамі, тэлефонамі. Так што праект будзе цікавы ўсім, не толькі людзям з інваліднасцю.

Зараз на старонцы праекта 160 праглядаў. Кожны тыдзень абяцаюць прапаноўваць новы твор і новую страву. Наступныя кнігі пакуль трымаюць у сакрэце.