Новости

«Я ж нікога з вас не абразіў». Лукашэнка расказаў, як ставіцца да мемаў пра сябе і што знайшлі ў «Белгазпрамбанку»

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што любы чалавек мае права выказваць сваю пазіцыю, але не агрэсіўна. Прэзідэнт адрэагаваў на мемы аб «Сашы 3%» і патлумачыў, што ён сам нікога не абражаў. Hrodna.life успомніў, што Аляксандр Лукашэнка казаў пра канкурэнтаў на выбарах.

— Я лічу, што любы чалавек, а меншасць — гэта ўжо некалькі чалавек, мае права выказваць сваю пазіцыю. Але з чым я ніколі не пагаджуся — калі гэта меншасць ці большасць вядзе сябе агрэсіўна. Гэта не са мной. Я часта кажу, што я чалавек вясковы, і хоць мы біліся і часам да мардабою даходзіла, мы ніколі не былі антаганістамі, ніколі не білі адзін аднаго да паўсмерці, — распавёў Лукашэнка на сустрэчы з супернікамі будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце, піша T*T.BY са спасылкай на «Беларусь 1».

Фота: прэс-служба прэзідэнта Беларусі

Рэйтынг прэзідэнта і абразы

Лукашэнка заклікаў «супакоіцца» і ўсе праблемы вырашаць сумесна з уладай.

— Паслухайце, акрамя мяне, іх ніхто не вырашыць і ў той уладзе, якая сёння ёсць. Ніхто ўлады ў Беларусі сёння не памяняе. Не таму што мы яе будзем ссінелымі пальцамі ўтрымліваць, а таму што большасць пераважная, і мы ведаем, якая гэта большасць. Мы проста не друкуем гэтыя сацыялагічныя апытанні. Гэта вы ўжо «Саша 3%» напісалі на майках. Вы хоць верыце, што ў дзейнага прэзідэнта 3%? Ды вось у гэтай вось альтэрнатыўнай кампаніі я і то больш за тры набяру, — указаў на прысутных прэзідэнт. Ён параіў «не тузацца» і «не абражаць» ўладу.

— Вусаты прусак, яшчэ штосьці … Я пакуль дзейны прэзідэнт, ні ў адной краіне не дазволена абражаць людзей. Я ж нікога з вас не абразіў асабіста. Таму не трэба. А калі вы хочаце рознага роду жуллё абараніць, то абараняйце, толькі не са мной.

Ён заклікаў усе пытанні, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі ўлады, вырашаць разам з яе прадстаўнікамі, у тым ліку і з прэзідэнтам.

— Я яшчэ не забранзовеў, як вы думаеце. Я адрэагую. Але толькі не акунайце мяне, каб я вам платы рамантаваў.

Што казаў пра канкурэнтаў Лукашэнка

З канца траўня Аляксандр Лукашэнка публічна высказваўся аб сваім стаўленнеі да канкурэнтаў на выбарах-2020.

«Ужо вушы тырчаць у гэтага чалавека [Сяргея Ціханоўскі - заўв. Hrodna.life]. Ён нават не кандыдат у прэзідэнты, за жонку [Святлану Ціханоўскую — заўв. Hrodna.life] там дбае. Разумее ж, што за жонку ніхто не прагаласуе ў Беларусі».

«Гэта нібыта незалежная газета ў Расіі [выданне „Коммерсант“ — заўв. Hrodna.life]. Але мы ведаем, хто яе фінансуе… Нібыта інтэрв'ю бярэ ў аднаго шалудзівага [пра Сяргея Ціханоўскага — заўв. Hrodna.life], інакш не назавеш, які тут ходзіць, крычыць па Мінску больш, ды і ў іншых гарадах».

На нарадзе 4 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка, не называючы Валерыя Цапкалы, абвінаваціў яго ў падмане ў сувязі са сродкамі на перадвыбарчую кампанію і параўнаў з кнырам («хракам»):

«Ён прадаў дом свой нейкай кампаніі, яна яму заплаціла грошы, але ён там жыве. Што гэта такое? Гэта фінансаванне перадвыбарнай кампаніі. І ён, нахабнік, выходзіць, і такі чысты, пухнаты. Ён распавядае, што я яго бабулі спадабаўся, таму што ведаў, колькі свінаматка можа нарадзіць парсючкоў. Паўстае пытанне, а табе я чым тады спадабаўся. Чаму ты ад Шушкевіча прыбег да мяне на каленях прасіць? Мы ж на гэта не забыліся».

«І потым, ён проста не разумее, бо колькасць народжаных парсючкоў ад свінаматкі і іх якасць не залежыць ад свінаматкі. Гэта яшчэ залежыць ад кнара. І калі будзе такі кныр, як гэты чалавек, то мёртванароджанымі будуць парасючкі», — цытавала Аляксандра Лукашенка БелТА.

Напярэдадні ператрусаў ў «Белгазпрамбанку» 11 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка даручыў сумесна з генеральным пракурорам, Камітэтам дзяржкантролю, іншымі структурамі і пры ўдзеле мясцовых органаў улады «прашарсціць гэтых пузатых буржуяў».

Пасля пачатку следства па справе «Белгазпрамбанка», у Полацку, Лукашэнка назваў аднаго са сваіх канкурэнтаў на выбарах, Віктара Бабарыку, негодяем:

«Што мяне ўразіла: гэты нягоднік, інакш не назаву: я, маўляў, ні пры чым, да мяне прэтэнзій ніхто не мае, гэта яны там…, — сказаў Лукашэнка. — Слухайце, яны ўсё [кіраўнікі кампаній, дзе прайшлі ператрусы. — заўв. Naviny.by] былі не толькі ў яго намеснікамі. Гэта адна шайка-лейка».

Колькі подпісаў налічылі пры праверцы ў Гродзенскім раёне

Дадзеныя па падпісных лістах з колькасцю подпісаў у падтрымку вылучэнцаў у кандыдаты ў прэзідэнты ў гэтую выбарчую кампанію сталі закрытымі, расказваюць праваабаронцы з цэнтра «Вясна». Праверка подпісаў ужо ідзе, але прысутнасць назіральнікаў «не была прадугледжана». Пасяджэнні тэрытарыяльных выбарчых камісій праходзяць па вобласці з 19 па 24 чэрвеня. Колькасць подпісаў агучвалі выбарачна, не па ўсіх прэтэндэнтах.

У Гродзенскай раённай ТВК агучылі колькасць падпісных лістоў і подпісаў здадзеных па 6 прэтэндэнтах. Вядома, што А. Дзмітрыеў сабраў у Гродзенскім раёне 74 подпісы, Т.Канапацкая — 17, А.Лукашэнка — 18 687, С. Ціханоўская — 660, С.Чэрачэнь — 1527, В. Цапкала — 941. Характэрна, што каб менш праводзіць пасяджэння ў сувязі з ростам захворвання каранавірусам у раёне, для праверкі адабралі 20% подпісаў і адразу ж вызначылі яшчэ 15% ад колькасці на наступную праверку, калі спатрэбіцца.

«На шалёную фальсіфікацыю не пайду»

Прэзідэнт сказаў, што не хоча, каб у краіне былі разбураныя мір і стабільнасць.

— Хтосьці ацэньвае гэтую стабільнасць як ненармальную, маўляў, нам такая стабільнасць не патрэбная. Ну, як мог, як умеў, не адзін я, многія з нас стваралі гэтую краіну, і яна такая ёсць. Можа, іншыя зробяць лепш, 9 жнiўня ўсё вырашыцца. І не думайце, што я пайду на нейкую шалёную фальсіфікацыю. Паслухайце, вы што, праз чвэрць стагоддзя прэзідэнцтва мяне за дурня лічыце?

«Ствараў IT-парк уласнымі рукамі»

Лукашэнка падкрэсліў, што выдатна разумее, што адбываецца ў краіне, разбіраецца ў сучасных тэхналогіях у «гаджэтах, айпадах і айфонах».

— Я ствараў гэты IT-парк ўласнымі рукамі, калі вы ўсё сядзелі недзе на кухнях, я хацеў вас сабраць разам. Хацеў даць вам працу, даць пэўныя льготы, каб сюды пайшлі амерыканцы і індусы, якія нас значна апярэджваюць. Я ўсё гэта перажыў і не хачу, каб усё гэта было разбурана. Я хачу, каб вы па кароўніка хадзілі. Не тое, што ваш там альтэрнатыўшчык адзін заявіў: «У кароўник не пайду». А хто пойдзе? Вы пойдзеце? Захочаце 6 мільярдаў экспарту сельгаспрадукцыі, пойдзеце не толькі ў кароўнік. Папаўзеце туды. Я таксама нанюхаўся гэтых кароўнікаў за сваё жыццё, але да гэтага часу хаджу.

Падчас ператрусаў у «Белгазпрамбанку» знайшлі флэшкі

У Брэсце Лукашэнка заявіў, што «карупцыянерам ў краіне рабіць няма чаго», а тым, хто сумняваецца ў вінаватасці (прозвішча Бабарыка так і не прагучала. — заўв. T*T.BY), гатовы арганізаваць сустрэчу ў СІЗА, піша T*T.BY.

— Мецэнат, карціны прывёз дзяржаве, а на паверку што апынулася — іх карціны. А чаму мы вымушаны былі зараз іх прыхапіць? А таму што яны пачалі канцы ў ваду хаваць, пачалі вывозіць грошы, карціны. І калі мы ў банк пайшлі, ведаеце, што знайшлі - галоўнае? Грошы — гэта не галоўнае! Мы знайшлі флэшкі, жорсткія дыскі і мора інфармацыі, і гэтага баяцца іх гаспадары.

Чытайце таксама: Подпісы ў ЦВК здалі сем прэтэндэнтаў. Хто працягне ўдзел у выбарах-2020?


Падзяліцца

Апошнія запісы

Google абнавіў спадарожнікавыя здымкі Гродна. Ацэніце маштабы гарадскіх будоўляў

Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…

22 лістапада 2024

«Штосьці з фільмаў жахаў». Топ-3 месцаў у Гродне, якія гараджане абыходзяць за вярсту

Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…

22 лістапада 2024

У Гродне з’явіцца больш пляцовак для выгулу сабак

Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…

22 лістапада 2024

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024