Лекары і медсёстры распавялі ў Instagram, чаму выбралі дапамагаць людзям, і адказалі на заяву Наталлі Качанавай, старшыні Савета Рэспублікі.
«Калі вы ішлі ў медуніверсітэт, вы ведалі пра заробкі», — адказала Качанава на пытанні пра заробкі медыкаў на сустрэчы з ініцыятыўнай групай Святланы Ціханоўскай у Пінску 19 чэрвеня.
Мінскі гінеколаг Марына Ісакава ў адказ апублікавала пост у Instagram аб працы лекараў у Беларусі з хэштэгам #мызналикудашли.
З такім хэштэгам сталі дзяліцца аб сваёй працы і іншыя медыкі.
У лістападзе 2019 года сярэдняя зарплата ў ахове здароўя, па дадзеных Белстата, склала 932,7 рубля. Гэта амаль 84% да сярэдняй зарплаты па краіне. Пры гэтым ва ўрачоў сярэдняя лістападаўская зарплата склала 1 517,3 рубля, а ў сярэдняга медперсаналу — 937,7 рубля. Гэта сумы да выплаты падаткаў. Нагадаем, у Беларусі работнік з налічанага заробку выплачвае падаходны падатак (13%), а таксама ўнёскі ў ФСАН (1%).